Зміцер Жалезнічэнка адмовіўся прымаць прысягу

Моладзевы актывіст Партыі БНФ Зміцер Жалезнічэнка адмовіўся прымаць Вайсковую прысягу. Пра гэта ён паведаміў Еўрарадыё ў тэлефоннай размове. Зміцер Жалезнічэнка: “Сёння была прысяга. Усіх, хто яе прыняў, адпусцілі ў звальненне. Я не прыняў прысягі, таму мне не далі звальненне, а дазволілі гуляць па частцы. Яны даўно павінны былі адпусціць мяне з войска. Але не робяць, таму што прызыўная камісія нібыта скончыла працу ў студзені і больш не будзе збірацца, каб падпісаць загад аб скасаванні прызыву. Аднак ёсць пастанова суда, якая павінна выконвацца. Калі прызыўная камісія парушае гэта рашэнне — самі вінаватыя, ім потым горш будзе”.

Па словах Змітра, крымінальная адказнасць за адмову ад прысягі не прадугледжана. Аднак, хутчэй за ўсё, яго пазбавяць звальненняў. Што датычыцца здароўя, Зміцер адзначыў, што ідзе на папраўку.

Зміцер Жалезнічэнка: “У нас тут шмат фізічнай падрыхтоўкі: мы бегаем скокаем… Нармальна, папраўляюся паціху”.

Нагадаем, 20-гадовы Зміцер Жалезнічэнка, студэнт-выдатнік, быў адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта. Яго адразу прызвалі ў войска, ён патрапіў у чыгуначныя войскі ў Жлобін. У знак пратэсту некалькі дзён Жалезнічэнка галадаў, ён таксама выказаў жаданне служыць у беларускамоўнай вайсковай часці, але такіх у Беларусі няма.

Зміцер мог закончыць сваю службу ў войску яшчэ 1 лютага, калі суд Савецкага раёна Гомеля прыпыніў рашэнне аб яго прызыве ў войска. Суд прызнаў, што ў студзені хлопца ўзялі ў войска з парушэннем існуючага парадку — ён меў адтэрміноўку па стане здароўя.

Аднак, ваенкамат адмаўляецца скасоўваць прызыў, таму што камісія спыніла працу 31 студзеня, а рашэнне суда датуецца 1 лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі