Зміцер Вайцюшкевіч: Я сам сабе замоўца, прадзюсар і дзяржава

Хэдлайнер фолк-сцэны фэсту Be Free і сам сабе дзяржава ў творчасці Зміцер Вайцюшкевіч (WZ-ORKIESTRA), які сёння ёсць прызнаным аўтарытэтам і сябрам журы шматлікіх фэстаў, узгадвае як некалі быў пакрытыкаваны Мулявіным. У Львове Зміцер збіраецца глядзець горад, знаёміць украінцаў з беларускімі песнямі і вучыцца працаваць з гітарным гукам у маладых музыкаў. ЕРБ: Ці пачуваеце вы сябе свабодным музыкам у самым шырокім сэнсе гэтага слова?

Зміцер Вайюцюшкевіч: Калі б я быў крыху маладзейшым, я б сказаў, што абсалютна свабодны. З другога боку, я разумею, што мой стан – свабоднага артыста. Ужо 15 гадоў не ведаю, колькі буду зарабляць у наступным месяцы, хаця зарабляю я някепска, як будзе складвацца мой далейшы лёс... Але, натуральна, маю нейкія планы на год-два, што трэба запісваць. І ў гэтым плане я вольны, бо ў мяне няма прадзюсара заходняга кшталту, які кажа, што я мушу граць. Таму я сам сабе замоўца, прадзюсар. І сам сабе дзяржава. З іншага боку, я жыву ў Рэспубліцы Беларусь, якую вельмі люблю. Дык вось гэтая пэўная ступень несвабоды за апошнія гады ўвяла мяне ў філасофскі стан. Я вучуся ў гэтых няпростых умовах рабіць рэчы зразумелыя і майму слухачу, і людзям, якія працуюць ў дзяржаўных установах. Мяне заўсёды хвалюе праблема чырвоных і белых. І я не лічу, што слухачоў трэба адрозніваць. У прынцыпе, і Васіль Быкаў таксама быў свабодным, хаця і з'яўляўся героем сацыялістычнай працы, былі савецкія часы... А яны зараз ў пэўным сэнсе паўтараюцца, імітуюцца на заходні манер – маркі аўтамабіляў, гіпермаркеты...

ЕРБ: Можна сказаць, што вы праз творчасць імкнецеся падзяліцца уласнай свабодай са сваім слухачом?

З.В.: Яно пафасна пачынае гучаць. Але магчыма. Я шмат разоў падкрэсліваў, што творчасць Вайцюшкевіча – не ёсць нейкім эгаізмам, жаданнем паказаць, як я ўмею нешта прыдумляць. Гэта спроба паказаць, як можна працаваць інакш у музычнай плыні, у мастацтве, у бізнэсе. Такі вось нестандартны падыход, які дазваляе шукаць вольную прастору ўнутры тлуму і не ў тлуме рабіць тое, што мне падабаецца. Што я па-местачковаму сам для сябе вырашыў. Гэта не тое, што цяпер самае IN, самае моднае... Што тычыцца прафесійнай музыкі, то музыкаў, якія працуюць прафесійна – няшмат. Гэта пакаленне наша, Вольскага. І я разумею, што маладым зараз вельмі цяжка. Але ёсць маладыя зубастыя, і мы таксама такімі былі. Прыдумваць трэба праекты, нягледзячы на тое, што цяжка жыць у кватэры, якую здымаеш, што няма грошай... Усё гэта было і праходзіла. І нічога – усе жывыя, з нармальнымі думкамі пра будучае.

ЕРБ: Гледзячы на ваш пазітыўны прыклад, ці можна сказаць, што маладыя музыкі жывуць з улікам досведу, што можна жыць і рабіць інакш?

З.В.: Я спадзяюся, але не лічу сябе такім ўжо прыкладам, які жыццё паклаў на алтар. Я проста хачу займацца музыкай усё жыццё, а некаторыя нагуляліся да 30 гадоў. А мне гуляецца, і хачу гуляць, пакуль не надакучыць, пакуль не зразумею, напрыклад, што я вялікі рэжысёр ці акцёр. А, можа быць, музыка – гэта тое, што мне сапраўды блізкае, што я адчуваю для сябе найлепей, каб выкшталтавацца. Таму, вяртаючыся да тэмы асобы і свабоднасці, — мне падабаецца займацца кшталцаваннем свайго духу. Калі становішся прафесіяналам і знаходзішся ў такім стане, што ведаеш, як можна зарабіць грошы. І гэта яшчэ адна спроба быць свабодным, незалежным ад таго, што гэтых грошай можа быць болей альбо проста столькі, колькі табе трэба для жыцця.

ЕРБ: Вас на Be Free пазіцыянуюць як фолк музыку для фолк сцэны, як Вы да гэтага ставіцеся?

З.В.: Я да ўсяго стаўлюся нармальна. Мой прынцып: стараюся быць лагодным, не падстаўляцца, але і ні з кім не ваяваць. Мне, па-першае, часу шкада. А па-другое, з тых умоў, якія ёсць, я спрабую выбраць максімум карысці для ўласнай персоны і для гурта. А плюс – гэта тое, што мы будзем выступаць на рынку. Гэта цэнтральнае месца ў Львове, дзе збярэцца максімум тых людзей, якім нашая музыка будзе больш цікавай, чым у парку. Парк – у пэўным сэнсе з нейкай заангажаванасцю. Тым больш у мяне ёсць досвед працы на рынку. Мы яшчэ не да канца рокавыя. Мы – вясёлыя хлопцы, якія могуць паспрабаваць некалькі песень, як з Бураўкіным, напрыклад, было. Але да гэтага трэба ісці годзік-другі, працаваць з гукам...  А наконт фолку. Існуе праблема, што музыкі не ходзяць на канцэрты адно аднаго. Не робяць гэтага і арганізатары. Таму для таго ж Супрановіча Вайцюшкевіч застаўся на Krywi.

ЕРБ: А самі Вы будзеце глядзець іншыя гурты на фэсце ў Львове?


З.В.: Па-першае, я буду сачыць за тым, што будзе адбывацца на фолк-сцэне. З большага я яе ведаю і з'яўляюся, так бы мовіць, фолкавым аўтарытэтам. Удзельнічаю ў журы розных фестываляў. Усё будзе залежыць ад часу, канешне. Хацелася б і Львоў паглядзець...

ЕРБ: Ёсць да каго-небудзь асабістая цікавасць?


З.В.: Так. Але да каго – гаварыць не буду. Таксама мяне цікавяць украінскія музыкі.

ЕРБ: У Be Free прымуць ўдзел 3 маладыя гурты, якія зараз за гэта змагаюцца на сайце Еўрарадыё. Ці сочыце за маладой музычнай плынню?

З.В.: Па-першае, я быў у журы на Басовішчы. Мне было цікава. Сам я калісьці крыўдзіўся, як Мулявін казаў, што нам нечага не хапае і што мы не прафесіяналы... Я згодны з пэўнай няўвагай нейкіх мэтраў да маладых, але сябе мэтрам не лічу. Таму цікавая і фолк-сцэна, бо я ведаю, што нашы ва ўсходняй Еўропе найлепшыя. І маладыя рокеры таксама – я ў іх вучуся. На тым жа конкурсе Басовішча я звяртаў увагу на тое, як яны працуюць з гітарным саундам. Канешне, у іх ёсць нюансы, якія б я ці хто іншы мог выправіць: праца са словам, з вакалам, з гукам... Але я да гэтага ішоў 15 гадоў, а яны годзік – таму ўсё нармальна.

ЕРБ: Якую праграму вы будзеце граць на фестывалі Be Free?

З.В.: Я не ведаю, бо ўсё залежыць ад таго, у якім складзе мы паедзем, які будзе настрой. У нас няма комплекснага меню – гэта мы граем для бізнэсмэнаў, гэта – для ўкраінцаў... Пэўна будуць палескія песні, падляшскія з украінізмамі. Натуральна, што будуць нейкія беларускія і польскія – у Львове яны ўспрымаюцца нармальна. Апроч таго будзем граць на гуку тую праграму, якую збіраемся запісваць. У нас больш за 150 песень. З іх 40—50 маюць розныя варыяцыі. Напэўна выканаем «Мірныя людзі», «Я нарадзіўся тут». А песняй «Бывайце здаровы» мы заўжды заканчваем канцэрты.

Глядзіце таксама: Нядаўна Зміцер Вайцюшкевіч святкаваў дзень народзінаў

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі