Зміцер Сасноўскі: "Калі цябе прэ, то зробіш любую справу найлепей"

Напярэдадні адкрыцця Дударскага клуба ў "Катакомбах" адзін з яго кіраўнікоў, лідэр гурта "Стары Ольса", майстар стварэння беларускіх дудаў Зміцер Сасноўскі наведаў студыю Еўрарадыё і распавёў пра тое, што будуе сабе дом узору ХІІ стагоддзя, пра "прож" па жыцці і тое, што дакументальны фільм пра беларускую дуду збірае міжнародныя ўзнагароды на розных фестывалях. І гэта не ўсё.
“Ёсць жаданне – улівайся ў дударскі клуб”


Зміцер Траўчук, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”: “Дударскі клуб” – што гэта такое і наколькі актуальна для Беларусі?

Зміцер Сасноўскі (ЗС): Справа ў тым, што ўсе кірункі “Дударскага клуба” і адраджэння ў Беларусі дуды як інструмента вельмі стыхійна нараджаліся. На самым пачатку моладзь збіралася ў парку імя Янкі Купалы і грала на дудах ды танчыла. Менавіта з гэтага ўсё і пачыналася 4 гады таму. Але нарэшце спыніліся на "Усходзе" ў яблыневым садзе. У мінулым годзе паўстала праблема: дзе ўзімку працягваць такія зборы? Бо людзей стала вельмі шмат. Тады мы звярнуліся па дапамогу ў клуб “Катакомбы” і пачалі ладзіць дударскія вечарыны там. “Дударскі клуб” – гэта такое творчае аб’яднанне музыкаў, якія граюць на дудах, і майстроў, якія вырабляюць гэты інструмент. Галоўная мэта – рэгулярна ладзіць вечарыны, дзе б выконвалася гэтая музыка, дзе б танцавалі пад гэты інструмент, а таксама запрашаць замежных музыкаў. Таксама праводзіць майстар-класы гульні на дудзе. Можна сказаць, што на сённяшні момант дударскі рух у Беларусі развіваецца ў трох кірунках: дударскі фэст, дударскі цэх і дударскі клуб.

ЕРБ: Зміцер, уяві сітуацыю: табе тэлефануе нейкі чалавек і гаворыць, што чуў пра дударскі клуб і хоча навучыцца граць на дудзе. Што ты яму адкажаш?

ЗС: Я адкажу, што ёсць майстры, які робяць простыя інструменты, на якіх можна пачаць вучыцца. Самая танная беларуская дуда на сёняшні дзень каштуе 300 долараў. Гэта інструмент, на якім можна пачынаць вучыцца. Трэба будзе звярнуцца да якога-небудзь музыкі дзеля таго, каб засвоіць пэўныя азы. Менавіта для гэтага і быў заснаваны дударскі клуб.

ЕРБ: Атрымліваецца так: ёсць жаданне – калі ласка, улівайся ў дударскі клуб?

ЗС: Так, сапраўды, улівайся! Вечарына з нагоды адкрыцця Клуба адбывалася нават без сцэнару: абсалютна жывое дзеянне было, нават майстар-клас стыхійна прайшоў! Вельмі шмат танцаў было. Ужо дзве дзяўчыны ў Беларусі граюць на дудах. Каця Радзівілава і Аксана Касцян тры разы выходзілі на сцэну — паасобку і разам з іншымі гуртамі. Джэм-сэйшэны дык увогуле, па маіх уражаннях, не спыняліся. Што цікава, дык гэта тое, што дзяўчаты граюць больш такія медытацыйныя мелодыі.




ЕРБ: Тут да нас даходзяць чуткі, нібыта ў вас вучацца граць на дудзе два зусім маленькія хлопчыкі?

ЗС: Сапраўды, такое ёсць. Першы – 7-гадовы хлопчык, які толькі месяц таму ўзяў у рукі дуду. Другі – 14-гадовы. Абодва робяць вялікія поспехі, дакладна скажу, што многія дарослыя зайздросцяць іх гранню. Здольнасці грання на дудзе можна прасачыць па тым, як чалавек трымае інструмент у руках. Дуда сапраўды патрабуе пэўнай пластыкі рук. Я ажно да дрыжыкаў у руках быў уражаны тым, як ужо на другім занятку гэты сямігадовы хлопчык трымаў у руках дуду так, як гэта робяць толькі сталыя дудары.

ЕРБ: Дык за гэтымі дзецьмі дударская будучыня Беларусі?

ЗС: Навучанне гэтых дзяцей ініцыявалі сябры дударскага клуба, але мы лічым, што калі дзеці з’явяцца на сцэне, то многія іншыя бацькі, пабачыўшы такое, і сваіх дзяцей захочуць вучыць граць на дудзе. Адзінае, што складана для дзяцей, дык гэта тое, калі ў іх адразу нешта атрымліваецца, то далёка не факт, што яны будуць праз 10 год граць на дудзе. У сувязі з гэтым, на мой погляд, можна гаварыць, што зараз выхоўваецца пакаленне ўжо не тых, хто адраджае дуду як інструмент, а тых, хто гэтым інструментам карыстаецца для сябе. Ніхто не кажа, што гэтыя дзеці будуць весці актыўнае сцэнічнае жыццё, але тое, што з’яўляюцца людзі, якія будуць браць дуду толькі падчас нейкіх святаў і дзён народзінаў, – гэта насамрэч вельмі суцяшае.


Знешне музычныя праекты Змітра Сасноўскага

ЕРБ: Я ведаю, што для папулярызацыі дударскага майстэрства “Стары Ольса” ў свой час здымаў кінастужку пра старадаўнія беларускія інструменты для канала “Discovery”. Праект запусцілі?

ЗС: Стужку знялі, адправілі ў Штаты. Там яна заняла першае месца на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно. У наступным годзе ён будзе ўдзельнічаць у 5 розных конкурсах.

ЕРБ: Наколькі нам вядома, “Стары Ольса” збіраецца ў канцэртны тур па Ірландыі?

ЗС: У нас ёсць прадзюсары, якім ірландскія калегі прапанавалі арганізаваць тур па іх краіне. Тым больш што ў нас даўно ёсць жаданне там выступіць. Адзін з ірландскіх прадзюсараў займаецца дапамогай хворым беларускім дзецям. Ён спытаў, наколькі мы гатовыя да дабрачыннага тура па Ірландыі. Мы згадзіліся. Тады мы вырашылі сабраць грошы для аперацыя Сяргея Марцьянава – хворага хлопчыка з горада Чэрвень. Таму гэты дзесяціканцэртны тур па Ірландыі будзе прысвечаны збору сродкаў для хлопчыка. А мы яшчэ і краіну паглядзім!

ЕРБ: Значыцца, тур будзе?

ЗС: Так, але першапачаткова планавалася зладзіць яго на пачатку 2008 года, аднак тыдзень таму перанеслі на кастрычнік. Таму наступнай восенню “Стары Ольса” паедзе ў Ірландыю.


“Рок блізкі да сярэднявечнай музыкі”


ЕРБ: Зміцер, у “Старым Ольсе” ты – музыка, а для гурта “Літвін Троль” – прадзюсар. Для чаго ты займаешся гэтым праектам? Ты хочаш выйсці на больш шырокую рокавую аўдыторыю? На каго разлічаны праект “Літвін Троль”?

ЗС: У першую чаргу для тых музыкаў, якія захацелі гэта рабіць. У мяне даўно была ідэя спалучыць дуды з рокавымі аранжыроўкамі і паслухаць, як гэты інструмент гучыць у рокавым гурце. Вось гэтыя эксперыменты гуртоў “Зьніч” і “Нейра Дзюбель” з дудамі мне вельмі падабаліся. Два чалавекі, якія з’яўляюцца кіраўнікамі гурта “Літвін Троль”, – гэта музыкі “Старога Ольсы”. Як “Келіх Кола” – гэта праект нашага гусляра Алеся Чумакова, так і “Літвін Троль” – гэта творчы праект музыкаў Сяргея Тапчэўскага і Андрэя Апановіча. Справа ў тым, што сярэднявечная музыка шмат агульнага мае з рокам. Вось Рычы Блэкмар наадварот: ад року звярнуўся да сярэднявечнай музыкі. Недарэмна ж нарадзіўся вось гэты стыль готык-дум, дзе рокавымі аранжыроўкамі спрабуюць аздобіць сярэднявечныя мелодыі.



ЕРБ: Як ты думаеш, у якіх кірунках і напрамках будзе развівацца беларуская музыка? Што будзе мэйнстрымам?


ЗС: Я б пабаяўся рабіць такія прагнозы: справа ў тым, што гэта настолькі жывы і некантраляваны працэс! Мне здаецца, што будзе развівацца ўсё па прыкладзе Нямеччыны. Пасля з’яўлення гурта “In Extremo” зараз ужо існуе пяць аналагаў калектыву, якія таксама выкарыстоўваюць старыя нямецкія дуды разам з цяжкімі гітарнымі рыфамі. Тое самае, я думаю, будзе і ў нас. “Зьніч” і ”Нейра Дзюбель” былі такімі першапраходнікамі. Вось “Літвін Троль” - гэта такі гурт, які прывабіць аматараў і сярэднявечнай музыкі, і паган-метал, таму што ў іх музыцы гэтыя стылі перасякаюцца. Я думаю, што будучыня за гуртамі, якія будуць спалучаць розныя стылі, сучасныя і нашыя шматвяковыя этнічныя музычныя здабыткі.

ЕРБ: На мінулым фэсце “Вольнае паветра” гурт “Стары Ольса” заспяваў “Нірвану”. Гэта вы так прыкальнуліся, ці гэта нейкі новы фармат гурта?

ЗС: Не ведаю. Гэта вось якраз пацверджанне таго, што сярэднявечная музыка вельмі блізкая да року! Ну, нам, у прынцыпе, было весела, таму мы і сыгралі! Мы ўжо не раз казалі пра тое, што, напэўна, Кабэйну спадабаліся б ягоныя песні на беларускіх дудах.




“Сазнаюся: будуем там сярэднявечнае паселішча”

ЕРБ: Ёсць інфармацыя, што дзесьці пад Браславам Вы будуеце нейкае такое сярэднявечнае мястэчка для фестываляў?

ЗС: Ваў!!! Я хачу сказаць, што спецаддзел Еўрарадыё вельмі добра працуе: усе апошнія навіны ведаеце! Сазнаюся: будуем там сярэднявечнае паселішча. Самы ранні дом будуецца па тэхналогіі 7-га стагоддзя. Самы позні, мой, — 12-га. Прычым без выкарыстання цвікоў ці цэменту. Аднак мы будуем мястэчка для сябе, не плануем там праводзіць аніякіх фэстаў. Там будуць праходзіць некаторыя мерапрыемствы дударскага цэху. Справа ў тым, што дзеля таго каб стаць удзельнікам, трэба паказаць свае здольнасці ў справе валодання інструментам. Акрамя таго, мы хацелі б ахапіць там усе святы, дзе ўдзельнічалі дудары. Па-першае, гэта Каляды. Непасрэдна сам дударскі фэст, які мы праводзім на Вялікдзень. І ёсць трэцяе свята, на якім абавязкова гралі дудары, — жніво. Дык вось Жнівеньскі фэст мы збіраемся праводзіць ужо там. Аднак ён будзе такім адносна закрытым. Будзе вялікі канцэрт у самім Браславе, а потым – на хутар. Уявіце, усе ў аўтэнтычных вопратках… Я думаю, атмасфера будзе што трэба! Месца, насамрэч, каб адзначаць такія сярэднявечныя святы, у Беларусі не хапае. Таму што дудары не рыхтаваліся перад выступам, а гралі, дастасоўваючыся да атмасферы, якая была на святах.
Такое месца сапраўды патрэбна для Беларусі. Таму што, калі выступае аркестр Фінберга ля сцен мірскага замку і не гучыць ніводны старадаўні інструмент, гэта цяжка называць фестывалем старадаўняй музыкі.

ЕРБ: Як ты думаеш, з’яўленне турыстаў у нейкім месцы псуе самое месца ці не?

ЗС: Тут пытанне складаней: не турысты псуюць месца, а людзі, якія абслугоўваюць турыстаў, псуюць месца. Возьмем для прыкладу Дудуткі. Я на свае вушы чуў, як экскурсавод, расказваючы пра старадаўняе жыццё беларусаў, гаварыла пра тое, што нашыя продкі не будавалі прыбіральняў, бо хадзілі проста за гарод. Хаця самі хаты і сама стылістыка пабудоў гаворыць пра інтэлігентнасць нашых продкаў.

ЕРБ: Неяк сапраўды жудасна становіцца…

ЗС: Самае жудаснае тое, што гэта выкладаецца для іншаземцаў як сапраўдная беларуская гісторыя.


Пра досвед пастаноўкі аўдыёспектакляў

ЕРБ: У свой час “Стары Ольса” запісаў аўдыёспектакль “Ладдзя роспачы” паводле У. Караткевіча. Ці ёсць у планах зрабіць нешта падобнае?

ЗС: Складанае пытанне, бо я нават не ведаю, які ўжо наклад выходзіць – настолькі моцна карыстаецца папулярнасцю “Ладдзя”. Цікава, напрыклад, што вось тыя ж літоўцы выпусцілі запіс нашага паэта Андрэя Рымшы, а мы – не. Ягоная “Дзесяцігадовая Аповесць” да гэтага часу ў нас не цытуецца, бо яна прысвечана паспяховай выправе літоўскага войска пад кіраўніцтвам Крыштафа Радзівіла на “ўсходнюю з Беларуссю тэрыторыю”. Агучванне гэтага твора было б вельмі і вельмі перспектыўным у сэнсе паказу нашай сапраўднай гісторыі, а не скажонай у сувязі з нашай рэчаіснасцю і асабістымі сяброўствамі кіраўнікоў у краіне.

Замест З.Ы.

ЕРБ: І напрыканцы: Зміцер, у цябе ёсць магчымасць звярнуцца да людзей. Скажы што-небудзь!

ЗС: Самае лепшае, што можа атрымацца ў нашым жыцці, – гэта тое, што робіцца з вялікім жаданнем. Ёсць такое сучаснае слэнгавае слова “пёрлава”. Дык вось, калі цябе прэ, то зробіш любую справу найлепей! Дый наогул, людзі, займайцеся тым, што вам падабаецца. Тады вы будзеце самымі шчаслівымі ў свеце!


Фота: ЕРБ і staryolsa.com

* Справаздачу і фотарэпартаж з адкрыцця Дударскага клуба глядзі тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі