Зэдлік з беларускай кухні ўсталююць на беразе Ціхага акіяну (фота, відэа)

Праз два тыдні чацвёра беларусаў рушаць да мысу Горн у Чылі. Па дарозе яны будуць спяваць беларускія песні і сыграюць спектакль “Сымон-музыка”. Падарожжа зойме цэлы год.
Учора на плошчы Якуба Коласа адбыўся незвычайны флэш-моб. Яркія хлопцы і дзяўчаты гралі на гітары, скрыпцы, кларнеце і флейце. Побач з імі стаяў зэдлік. Мінакі спыняліся і здзіўлена пазіралі — што гэта такое адбываецца?





Пра мэту акцыі Еўрарадыё пацікавілася ў аднаго з удзельнікаў флэш-мобу.

ЕРБ: Навошта вам зэдлік?

Кірыл, капітан каманды: “Гэты зэдлік мы збіраемся аднесці на той бок свету на мыс Горн у паўднёвую Амерыку. А флэш-моб хочам прысвяціць нашаму адпраўленню з Мінску. Вырашылі зрабіць гэта менавіта тут, на плошчы Якуба Коласа, таму што ў дарозе будзем граць спектакль паводле матываў “Сымона музыкі” Якуба Коласа”.

ЕРБ: Як доўга будзе працягвацца ваша падарожжа?

Кірыл: “Праз год — 365 дзён — мы плануем усталяваць гэты зэдлік на мысе Горн як помнік. Разам з зэдлікам будзем несці і культуру Беларусі. Будзем спяваць беларускія песні, граць спектаклі на вуліцах гарадоў і вёсак…”.

Варта адзначыць, што пачалася гэта гісторыя ва Ўкраіне. Тры зэдлікі з кіеўскай кухні ўкраінцы ўжо аднеслі да трох акіянаў. Застаўся апошні — Ціхі. Упершыню зэдлік на бераг акіяна панясуць цяпер і беларусы. Пакуль беларуская каманда складаецца з 4 чалавек — двух хлопцаў і двух дзяўчат.

ЗША, Мексіка, Калумбія, Гватэмала, Гандурас, Панама, Эквадор, Аргентына, Бразілія, Перу, Нікарагуа, Каста-Рыка, Балівія, Парагвай, Чылі — праз усе гэтыя краіны пройдуць беларусы са сваімі песнямі і спектаклямі. Гітара, скрыпка, кларнет, флейта ды зэдлік — вось увесь іх багаж.





"Ці не страшна ісці ў такое далёкае падарожжа?" — пацікавілася Еўрарадыё ў юнакоў.

Уладзь Юркоў, удзельнік каманды:
“Хваляванне ёсць заўсёды. І я, натуральна, хвалююся, але спадзяюся, што ўсё будзе добра. Першы раз у першы клас было больш страшна, чым цяпер”.

ЕРБ: Навошта вы гэта робіце?

Кірыл: “Мы робім гэта для таго, каб усе, хто нас пабачыць, зразумелі, што можна падарожнічаць па свеце і для гэтага не трэба шмат грошай — проста трэба мець жаданне”.

Уладзь: “Мы гэта робім, каб паказаць усім, што любы чалавек можа ўзяць і пайсці да акіяна. Для гэтага яму нічога не патрэбна — толькі выняць з-пад сваёй попы зэдлік, на якім ён сядзіць на кухні. І прынесці яго на бераг акіяна, сесці і глядзець ужо на акіян, а не на тую чорную гарбату і тыя пяльмені, якія бываюць кожны дзень… Тыя самыя пяльмені можна есці і на беразе акіяна!”.

Еўрарадыё жадае шчаслівай дарогі беларускай камандзе!




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі