За 2 гады “карту паляка” атрымалі 17 тысяч беларусаў

А “карта беларуса” з’явіцца не раней за 2012 год. Як даведалася Еўрарадыё, гэту ідэю пакуль адклалі.
Каля 17 тысяч “карт паляка” выдалі беларусам польскія консульствы. Прычым ахвотнікаў яе атрымаць з кожным годам становіцца толькі больш. Усяго ж у свеце з 2008 года выдадзена каля 50 тысяч карт, паведаміў Еўрарадыё прадстаўнік Дэпартамента супрацоўніцтва з Палоніяй польскага МЗС Марэк Саргавіцкі.

Нагадаем, “карта паляка” ― гэта дакумент, які пацвярджае прыналежнасць асобы да польскага народа. Сярод іншага, яе ўладальнікі атрымліваюць бясплатную гадавую візу ў Польшчу, могуць свабодна працаваць і вучыцца ў суседняй краіне, а таксама распачаць там уласны бізнэс.

А вось “карта беларуса”, пра якую летась актыўна гаварылі беларускія чыноўнікі, у бліжэйшым часе так і не з’явіцца. Як распавёў Еўрарадыё начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун, гэтую ідэю пакуль адклалі.

Аляксей Бягун: “Закон пра суайчыннікаў пакуль яшчэ рыхтуецца да разгляду, таму ці гэта будзе карта беларуса ці карта нейкай іншай асобы, пакуль нічога невядома. Цяжка даць нейкую канкрэтную матывацыю, проста адклалі. Можа патрэбны быў час і нейкае разуменне, што гэта будзе за законапраект”.

На сённяшні дзень няма не тое, што законапраекта, а нават яго канцэпцыі. У найлепшым выпадку яе агульныя рысы пабачаць свет у канцы гэтага года, распавяла Еўрарадыё намесніца дырэктара Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Людміла Панфёрава
 
Людміла Панфёрава: “Пакуль з улікам пазіцыі нашых недзяржаўных арганізацый “Бацькаўшчыны” і “Радзімы”, а таксама прадстаўнікамі дзяржорганаў мы займаемся распрацоўкай канцэпцыі гэтага законапраекта. У нас пакуль такая стадыя, што мы сабралі прапановы ўсіх зацікаўленых і іх аналізуем”. 

Эксперты Цэнтра цяпер даследуюць падобныя законы з 17 іншых краін, каб выкарыстаць замежны досвед у беларускім праекце. Колькі часу гэта можа заняць невядома, аднак спецыялістаў ніхто і не падганяе, кажа Людміла Панфёрава. Калі працу над канцэпцыяй скончаць яшчэ сёлета, то сам законапраект будуць пісаць увесь наступны год.

Людміла Панфёрава: “Калі будзе зацверджана канцэпцыя, то тады мы можам унесці гэты закон у план падрыхтоўкі законапраектаў. Тады за год адпаведны праект распрацоўваецца і ўносіцца ў парламент. Так выглядае агульная працэдура”.

Так што пра “карту беларуса” можна забыцца як мінімум на наступныя 2 гады.

Фота: rp.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі