З-за вулканічнага смогу нехта ўзяў таксоўку ад Осла да Парыжу

Ісландскі вулкан Эяф'ялаекюль суцішыўся, але можа выбухаць цэлымі месяцамі. Што небяспечна — можа прачнуцца ягоны больш вялікі сусед пад імем Катла.
"Непакоіць тое, што гэты вулкан знаны сваімі доўгімі вывяржэннямі. Апошнім разам ён вывяргаўся паўтары гады", — паведаміў ісландскі вулканолаг Фрэйстэн Сігмундсан французскаму агенцтву AFP.
Гэта адбылося ў 1821 годзе. Дагэтуль вулкан прачынаўся ў 1612 і 920 гадах. І кожны раз за ім прачынаўся куды больш актыўны вулкан Катла
Пакуль ён маўчыць. Але, як і землятрусы, вывяржэнні прадказаць цяжка. І навукоўцы непакояцца, што сусед можа прачнуцца.
Ды і Эяф'ялаекюль можа вывяргацца месяцамі — то сцішацца, то выбухаць ізноў.
Супрацоўніца ісландскага паўночнага вулканалагічнага цэнтра Інліб'ёрг Ёнсдоцір (Ingibjörg Jónsdóttir ) паведаміла Еўрарадыё: "З-за таго, што апошняе вывяржэнне было ледзь не 200 год таму, мы не маем дастатковай інфармацыі па вулкане і не можам дакладна сказаць, як доўга ён будзе вывяргацца".
Разам з тым, адзначыла эксперт, паводле Метэаралагічнага офіса Ісландыі, актыўнасць вулкана прыняла іншую форму — вывяргаецца ў асноўным не лава, а попел.
Да Беларусі вывергнуты вулканічны попел вецер прыгнаў яшчэ на мінулым тыдні. Над намі на вышыні 6 кіламетраў ён вісіць ужо чацвёрты дзень. Мінскі аэрапорт дзейнічае, але рэйсы ў Рыгу і Варшаву адмененыя.
Ледзь не 20 еўрапейскіх краін дагэтуль не адкрываюць сваю паветраную прастору з-за воблака вулканічнага попелу.
Еўрапейскія авіялініі ўжо згубілі мільёны еўра праз дзясяткі тысяч адмененых рэйсаў.
Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту падлічыла, што штодня авіякампаніі губляюць 250 мільёнаў долараў. Яе старшыня Джавані Бісіняні 19 красавіка заклікаў як мага хутчэй правесці паседжанне спецыялізаванага органа ААН —  Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. 
Эканамічныя шкоды авіяцыі ад вулкана ўжо перавысілі фінансавыя наступствы тэрактаў 11 верасня 2001 года, калі паветраная прастора ЗША была закрытая на тры дні.
Калі ж вулканічная эпапея працягнецца і краіны не пачнуць паступова адкрываць сваё паветра, то гэта будзе "вельмі сумная гісторыя" для Еўропы, адзначыў Джавані Бісіняні. Шмат авіякампаній могуць збанкрутаваць: авія-бізнэс толькі пачаў выбірацца з перыяду сусветнай эканамічнай рэцэсіі.
Фота: Denis Balibouse / Reuters. Пасажыры ў жэнеўскім аэрапорце ў панядзелак 19 красавіка.
Праблема нагэтулькі важная, што ёй пачала займацца Еўракамісія. Яе старшыня Жазэ-Мануэль Барозу пастанавіў стварыць спецыяльную камісію пад кіраўніцтвам еўракамісара па транспарце Сійма Каласа, якая вывучыць эканамічныя наступствы ад выбуху вулкана.
Беларусы, якія сталі закладнікамі прыроды, —  не здолелі своечасова патрапіць па самалёт і пратэрмінавалі шэнгенскую візу — мусяць звярнуцца да мясцовых уладаў, паведаміла Еўрарадыё старшыня візавага аддзела пасольства Швецыі ў Беларусі.
Кашанін Хіг: "Я б рэкамендавала ў такім выпадку скантактавацца з мясцовымі міграцыйнымі органамі і, па мажлівасці, памежнымі органамі таксама. Але не думаю, што будуць вялікія праблемы. Бо становішча з авіялініямі абвешчана публічна. І да людзей у такой сітуацыі маецца шмат разумення з боку адпаведных чыноўнікаў".
Спадарыня Кашанін Хіг дадала, што консульства дапамагло дзвюм групам беларусаў, якія трапілі ў такое становішча і мусілі вяртацца морам.
Дарэчы, апошнімі днямі паромы ад Лондана да Парыжа маюць на палову пасажыраў больш, чым звычайна. Цягнік "Еўрастар", які ходзіць праз Ла-Манш, за адну пятніцу перавёз больш за 10 тысяч чалавек дадаткова. 
Выгадная сённяшняя сітуацыя і еўрапейскім таксістам. Як паведаміў агенцтву NTB прэс-сакратар фірмы "Осла Таксі" Ларс Долва, нехта ўзяў таксоўку ад сталіцы Нарвегіі аж да Парыжу.


Галоўнае фота: euronews.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі