Выбары ў Каардынацыйную раду прызначаны на пачатак вясны

Выбары адбудуцца па прапарцыйнай выбарчай сістэме (ілюстрацыйнае фота)

Выбары адбудуцца па прапарцыйнай выбарчай сістэме (ілюстрацыйнае фота) / pixabay.com

Дэлегаты Каардынацыйнай рады прынялі рашэнне, што новы склад арганізацыі будуць выбіраць самі беларусы прамым галасаваннем. Выбары ў беларускі дэмакратычны протапарламент прызначаны на пачатак сакавіка 2024 года. Яны будуць электроннымі, распавёў "Зеркалу" кіраўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

Беларусам трэба будзе выбраць у склад КР 120 чалавек. У іх склад уваходзяць восем сябраў асноўнага складу, якія цяпер знаходзяцца ў зняволенні ў РБ. 18 месцаў атрымаюць прадстаўнікі арганізацый грамадзянскай супольнасці. Тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Для правядзення выбараў будзе створана Цэнтральная выбарчая камісія.

"Людзі ў Беларусі змогуць прагаласаваць, зарэгістраваўшыся па нумары тэлефона, людзі па-за краінай — па дакуменце, які сведчыць асобу, — тлумачыць Ягораў. — Трэба будзе зарэгістравацца ў спецыяльнай сістэме для таго, каб атрымаць магчымасць прагаласаваць. Галасаванне будзе арганізавана з дапамогай розных сэрвісаў і дадаткаў і будзе чымсьці нагадваць тое, як гэта было зроблена ў платформе "Голас" у 2020 годзе. Мы стараемся распрацаваць рашэнне, якое стане максімальна бяспечным. Як і любое тэхнічнае рашэнне, яно патрабуе часу і распрацоўкі. Бяспека — гэта адзіны момант, які можа спыніць нас ад правядзення выбараў у сакавіку".

Выбары адбудуцца па прапарцыйнай выбарчай сістэме — беларусы будуць галасаваць не за асобных кандыдатаў, а за спісы прэтэндэнтаў. Максімальна можна будзе выбраць тры такія спісы, мінімальная колькасць кандыдатаў у кожным з іх складзе 10 чалавек. Спісы змогуць фармаваць палітычныя партыі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці і любыя іншыя аб'яднанні грамадзян. Для гэтага трэба будзе падаць палітычную праграму на тэрмін не менш за 2 гады і дэкларацыю каштоўнасцяў, на аснове якіх сфармаваны палітычны суб'ект. Абавязковая ўмова — не менш за 40% кандыдатаў у кожным спісе павінны складаць жанчыны. Пры размеркаванні месцаў у спісах пераможцаў двое з пяці людзей, якія прайшлі ў Каардынацыйную раду ад кожнага выбарчага аб'яднання, таксама павінны быць жанчынамі.

Агітацыйная кампанія на выбарах у Каардынацыйную раду пачнецца ў лютым 2024-га. Гэта зроблена для таго, каб яна прайшла паралельна з афіцыйнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, якія праводзяцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі ў РБ 25 лютага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі