Ва Ўкраіне патрабуюць спыніць распрацоўку беларускага радовішча

Актывісты Валынскай абласной арганізацый партыі "За Украіну!", якую ўзначальвае былы паплечнік Віктара Юшчанкі Вячаслаў Кірыленка, абяцаюць заблакаваць дзейнасць валынскага участку беларуска-ўкраінскай мяжы у тым выпадку, калі ўкраінскія ўлады не змусяць Беларусь прыпыніць распрацоўку Хаціслаўскага радовішча будаўнічых матэрыялаў.   Як паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе абласнога асяродку партыі "За Украіну!", актывісты таксама патрабуюць ад украінскай улады стварыць камісію, якая б дала канчатковую ацэнку перспектывам і наступствам рэалізацыі гэтага беларускага праекту.

Пры гэтым валыняне спасылаюцца на экспертныя ацэнкі беларускіх і ўкраінскіх эколагаў, згодна з якімі, распрацоўка беларускага радовішча зменіць флору і фаўну ў рэгіёне, дзеля збярэжання якіх у Валынскай вобласці ў 1983 годзе быў заснаваны Нацыянальны прыродны парк "Шацкія азёры". У прыватнасці, актывісты сцвярджаюць, што прамысловая здабыча мелу прывядзе да зніжэння ўзроўню грунтовых водаў, а ў выніку — не толькі да абмялення вядомых украінскіх азёраў, але і да іхняга знішчэння.

"Усё гэта прывядзе да экалагічнай катастрофы, негатыўныя наступствы якой будуць адчувальныя як для Валынскай вобласці, так для краіны ў цэлым. Падобныя дзеянні Беларусі можна расцаніць як замах на  нацыянальныя інтарэсы Ўкраіны. А Шацкі нацыянальны прыродны парк, які з'яўляецца адной з візітных картак Валыні і ўнікальным прыродна-рэкрэацыйным комплексам ў рэгіёне, можа страціць сваю прываблівасць як турыстычная і перспектыўная інвестыцыйная зона",
— лічаць у Валынскім абласным асяродку партыі "За Украіну!".

Актывісты таксама абураюцца тым, што беларускі бок не распаўсюджвае інфармацыі, на якім этапе зараз знаходзіцца рэалізацыя праекту. А гэта, на думку украінцаў, можа сведыць пра тое, што здабыча мелу ўжо распачалася.

Адзначым, што Хаціслаўскае радовішча знаходзіцца на адлегласці трохсот метраў ад Валынскай вобласці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі