Узломаў не было — у INeedHelpBY пракаментавалі масавыя затрыманні беларусаў

Раней праект дапамогі INeedHelpBY прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкім"

Раней праект дапамогі INeedHelpBY прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкім" / instagram.com/ineedhelp_by

У ініцыятыве INeedHelpBY, якая займаецца дапамогай сем'ям палітвязням і былым палітвязням, пракаментавалі масавыя затрыманні, якія пачаліся 23 студзеня. Праваабаронцы звязалі гэтыя затрыманні з праектам, паколькі раней ініцыятыву прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а ў пастановах на ператрус значыліся артыкулы "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" і "ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях". У INeedHelpBY таксама пацвердзілі, што падчас допытаў у часткі затрыманых пыталіся, ці атрымлівалі яны прадуктовую дапамогу ад INeedHelpBY. Пры гэтым у ініцыятыве адзначаюць, што ў большасці выпадкаў людзей адпускалі дадому, паколькі падстаў для прыцягнення іх да адказнасці не было.

"Запэўніваем, што з нашага боку ніякіх узломаў сістэмы і ўцечак інфармацыі не было", — заявіў кіраўнік праекта INeedHelpBY Філіп Гаўрышаў. Ён адзначыў, што праект задуманы такім чынам, што ніхто не атрымлівае дапамогу асабіста ад ініцыятывы. Беларусы, якія апынуліся ў цяжкай фінансавай сітуацыі, атрымліваюць дапамогу ад іншых беларусаў, гатовых дапамагчы і купіць прадукты харчавання. "Таму ўся атрыманая дапамога накіраваная і атрыманая не ад арганізацыі INeedHelpBY, а ад прыватных асоб — ад сяброў, прыяцеляў, знаёмых і землякоў. Імі ж яна і была аплачана", — адзначыў Гаўрышаў.

Тым часам, заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак паведамляе, што на раніцу 25 студзеня вядома ўжо пра 143 факты затрыманняў у рамках рэйду сілавікоў, які пачаўся ў аўторак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі