Уладальнікі салярыяў патрабуюць ад Саўміна адказу пра ліцэнзіі

Міністэрствы, якія маюць уплыў на дзейнасць салярыяў па-рознаму разглядаюць іх паслугі. Міністэрства аховы здароўя настойвае на тым, што салярыі займаюцца медыцынскай дзейнасцю і павінны мець адпаведную ліцэнзію. Згодна з іншымі законамі дзейнасць салярыяў адносіцца да фізкультурна-аздараўляльнай. Што да саміх спажыўцоў загару, наяўнасць ліцэнзіі іх не цікавіць. Галоўнае – карычневы колер скуры.
Тое, што паслугі штучнага загару могуць прыраўняць да медыцынскіх, прадпрымальнікі лічаць праявай чарговага ціску ўладаў на дробны бізнес Беларусі, а ў Міністэрстве аховы здароўя тлумачаць клопатам пра здароўе насельніцтва.

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, ці патрэбная ліцэнзія для аказання паслуг штучнага загару. І як вынік, ці будуць гэтыя паслугі аказваць выключна медыкі?

Як высветлілася, сёння на гэта пытанне не могуць адказаць ні самі ўладальнікі салярыяў, ні супрацоўнікі міністэрстваў.

“У юрыдычнай асобы павінен быць сярэдні медыцынскі работнік з любой кваліфіцыйнай катэгорыі і з любымі курсамі па фізіятэрапіі.Той спецыяліст, які абслугоўвае салярый, канешне, ён павінен быць з медыцынскай адукацыяй”, - кажа Еўрарадыё начальнік упраўлення ліцэнзавання Міністэрства аховы здароўя Святлана Ганчарык.

Намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Яўгеній Сямёнаў кажа, што згодна з тымі нарматыўнымі актамі, якія прыняло Міністэрства аховы здароўя, ліцэнзія патрэбная, таму што паслугі салярыяў прыраўноўваюцца да медыцынскіх:

“Гэтыя паслугі згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя адносяцца да фізіятэрапіі, якая ўжо з’яўляецца медыцынскай дзейнасцю, а медыцынская дзейнасць падлягае ліцэнзаванню”.

Але, як прызнаўся Еўрарадыё Яўгеній Сямёнаў, гэты нарматыўны акт Міністэрства аховы здароўя супярэчыць указу прэзідэнта і класіфікатару эканамічных відаў дзейнасці. У адпаведнасць іх пакуль што не прывялі:

“Дзейныя нарматыўныя прававыя акты не прыведзеныя яшчэ ў адпаведнасць з тымі, якія прыняло Міністэрства аховы здароўя. Тут, канешне, ёсць нестыкоўкі.

Па класіфікатару эканамічных відаў дзейнасці паслугі салярыяў адносяцца да фізкультурна-аздараўляльнай дзейнасці, якая згодна з дэкрэтам прэзідэнта №17 не ліцэнзуецца”.

Ужо пяты год прыводзяць заканадаўства у адпаведнасць, тым часам салярыі самі вырашаюць атрымоўваць ліцэнзію альбо не. Супрацоўнікі некаторых з іх упэўненыя, што медыцынская адукацыя тут залішняя.

Салярый, г. Мінск: “Мы нічога такога не чулі, і медыцынская адукацыя тут ні да чаго... Што дае медыцынская адукацыя ў салярыі?”

Атрымоўваецца, што палова беларускіх салярыяў ліцэнзію мае, другая палова – не. А звычайныя спажыўцы штучнага загару ўвогуле пра гэта не задумваюцца. Для іх галоўнае карычневы колер скуры, а не медыцынская адукацыя супрацоўнікаў:

Алена: “Я толькі ўпершыню задумалася, што можа не быць ліцэнзіі... Я думала, што абсалютна ва ўсіх салярыяў, якія адкрытыя на тэрыторыі горада ёсць ліцэнзіі. Таму, я нават ніколі і не цікавілася ёсць у іх ліцэнзія альбо не. Мне падабаецца вынік, тое, што я загарэлая. Ну, а сэрвіс... У прынцыпе ён не мудрагелісты — націснуў кнопку і ідзі загарай”.

Блытаніна працягваецца, таму ўладальнікі салярыяў патрабуюць ад ураду разабрацца з сітуацыяй і маюць намер вынесці праблему на разгляд прэзідыума Саўміна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі