У падарунак на дзень нараджэння Аляксандр Казулін убачыць унука

З 24 па 26 снежня працягнецца доўгатэрміновае спатканне палітвязня Аляксандра Казуліна са сваёй сям’ёй у калоніі “Віцьба-3”. У нядзелю былы кандыдат у прэзідэнты і лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) адсвяткуе свой 52-і дзень нараджэння. Сям’я прафесара рыхтуе яму падарункі. Па словах малодшай дачкі Юлі Казулінай, адным з галоўных падарункаў будзе тое, што палітвязень нарэшце сустрэнецца з усёй сям’ёй.

Юля Казуліна: “Самы галоўны падарунак — гэта тое, што мы едзем усёй нашай сям’ёй. Едзе і мама, і мы з сястрой, і едзе ўнук Уладзя, якога бацька не бачыў з моманту, калі трапіў за краты. Другім падарункам будзе наша ўвага. Мы гатуем разнастайныя хатнія прысмакі, таму што хатняя ежа… Там такога няма. Гатуем піражкі, катлеты рыбныя”.

Юля выказала спадзяванне, што ў калоніі дазволяць пранесці ўсю ежу, таму што падчас доўгатэрміновай сустрэчы гэта дазваляецца. Апроч ежы сям’я Казуліных вязе прафесару кніжкі і DVD-дыскі.

Юля Казуліна: “У асноўным гэта дэтэктывы, таму што бацька ў атрадзе стварае бібліятэку. Мы перадалі туды ўжо каля 300 кніжак і цяпер вязем каля паўсотні. Там ёсць DVD-прайгравальнік, і мы вязем дыскі. Але ў асноўным гэтыя фільмы для іншых зняволеных, таму што ў таты часу на DVD не хапае, ён іх не глядзіць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі