У МЗС Польшчы пракаментавалі высылку дыпламата з Беларусі

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач / twitter.com/PolandMFA​
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач / twitter.com/PolandMFA​

У Варшаве лічаць, што рашэнне аб высылцы польскага консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка было палітычна матываваным. Падстаў для такіх дзеянняў не было, заявіў у эфіры "Польскага радыё" намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач.

"Гэта суверэннае рашэнне краіны, якая прымае дыпламатаў. Аднак у сітуацыі, калі няма падстаў для такіх дзеянняў, мы лічым іх палітычна матываванымі", — заявіў ён.
 
На думку кіраўніка польскага МЗС, афіцыйны Мінск гэтым крокам істотна абмежаваў магчымасці супрацоўніцтва. Пры гэтым стаўленне Польшчы да Беларусі, падкрэсліў Марцін Пшыдач, застаецца станоўчым.

"Польшча падтрымлівае незалежнасць і суверэнітэт беларускай дзяржавы. Аднак улады гэтай краіны тымі рашэннямі, якія мы нядаўна назіралі, выключаюць шлях дыялогу і супрацоўніцтва", — сказаў намеснік кіраўніка польскага МЗС.

Нагадаем, 9 сакавіка ў МЗС Беларусі быў выкліканы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. Яму ўручылі ноту: консулу Ежы Цімафеюку прапаноўвалася пакінуць тэрыторыю Беларусі праз яго ўдзел у мерапрыемстве ў Брэсце, прысвечанаму "Дню праклятых салдат".

"Праклятымі салдатамі" ў Польшчы называюць байцоў Арміі Краёвай, якія ваявалі з фашыстамі і пазней працягнулі барацьбу за незалежнасць, калі прыйшлі савецкія войскі. У іх ліку быў і атрад Рамуальда Ройса (па мянушцы Буры), які адзначыўся спаленнем беларускіх вёсак на тэрыторыі ўсходняй Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі