У МУС не кажуць, якія траўмы атрымалі супрацоўнікі АМАП

Аўтазак на праспекце ў Мінску / Еўрарадыё​
Аўтазак на праспекце ў Мінску / Еўрарадыё​

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі не расказваюць, хто з супрацоўнікаў АМАП пацярпеў падчас пратэстаў 14 ліпеня, якія ў іх траўмы і куды іх шпіталізавалі. 

"Чаму вы думаеце, што мы будзем паведамляць, які супрацоўнік пацярпеў? — дзівіцца пытанню Еўрарадыё прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава. — Цяпер праводзяцца следчыя мерапрыемствы, гэта можа быць таямніца следства. Што з ім? Траўмы, дыягназы?.. Гэта ўсё цяпер разглядаецца ў межах крымінальнай справы. Гэта прыватнае жыццё чалавека. Калі ён супраць, каб я паведамляла, якія ў яго траўмы, то я паведамляць пра траўмы дакладна не буду". 

Раней начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў паведаміў, што ўвечары 14 ліпеня некалькі ўдзельнікаў "несанкцыянаваных мерапрыемстваў спрабавалі справакаваць беспарадкі і сутыкненні з праваахоўнікамі". Паводле яго словаў, падчас бойкі шэсць супрацоўнікаў АМАП атрымалі траўмы, чацвёра з іх былі шпіталізаваныя.

Кубракоў казаў, што падчас затрыманняў пратэстоўцы "наносілі ўдары" міліцыянтам, хоць тыя паводзілі сябе стрымана. Але на многіх відэаздымках відаць, што людзі паводзілі сябе агрэсіўна толькі пасля жорсткіх дзеянняў з боку міліцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі