У Мінску пакажуць адрэстаўраваную машыну Янкі Купалы

Адрэстаўраваны аўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe, на якім Янка Купала ездзіў з 1939 года да смерці ў 1942-м, пакажуць у Літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску. Аўтамабіль плануецца выставіць у сталічным парку імя Янкі Купалы, насупраць помніка паэту. Некалькі дзесяцігоддзяў рарытэтны аўтамабіль прастаяў на калодках у філіі купалаўскага музея ў Ляўках. Але ў мінулым годзе ўвагу на яго звярнуў Міністр культуры Павел Латушка. Аўтамабіль рэстаўравалі некалькі месяцаў пры дапамозе супрацоўнікаў з завода Chevrolet, паведаміла Еўрарадыё супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Людміла Давідоўская.

"Выстава аднаго аўтамабіля" запланаваная на 19 красавіка. Але, паводле слоў Давідоўскай, дата можа змяніцца:

Людміла Давідоўская: "Кажуць, што дата можа змяніцца. 19-га яшчэ не блізка. Магчыма, і гэтая дата захаваецца. Але ёсць перадумовы для таго, каб выстава пачалася на некалькі дзён пазней".

Аўтамабіль Янкі Купалы можна будзе ўбачыць у Мінску цягам двух дзён. Пасля ён вернецца ў Ляўкі, дзе для яго адбудаваны сучасны гараж.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі