У Маладзечне 21-гадовага пратэстоўца асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі

У Маладзечне 21-гадовага пратэстоўца асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі

8 лютага ў Маладзечне 21-гадовага пратэстоўца Вадзіма Гурмана асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Ён нібыта 9 жніўня 2020-га на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў правакаваў натоўп на актыўныя дзеянні супраць міліцыі і пагражаў гвалтам міліцыянерам (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК). Рашэнне вынесла суддзя Вольга Дубовік, паведамляе spring96.org.

У судзе супраць пратэстоўца сведчылі 6 міліцыянераў, якім ён нібыта пагражаў і абражаў. Гурман у судзе адмаўляў, што такія пагрозы былі. Таксама ён адмовіў тое, што ў той дзень нібыта быў п’яны.

Асуджаны павінен выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды чатыром міліцыянерам — Дзмітрыю Смаленскаму, Паўлу Сіняўскаму, Вадзіму Лазару і Аляксандру Цярэнцьеву — па 500 рублёў кожнаму. Міліцыянеры Рэдзько і Нехвядовіч іскі не падавалі, дадае "Рэгіянальная газета".

Раней у судзе малады чалавек заявіў, што пасля затрымання 11 жніўня яго моцна збівалі. А пасля яму і яшчэ аднаму затрыманаму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны. Міліцыянеры спыніліся толькі па камандзе кагосьці з міліцэйскага кіраўніцтва, сведчыў Вадзім Гурман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі