У Грэцыі зафіксавана 56 новых ачагоў пажараў

У панядзелак і аўторак у Грэцыі ўзнікла 56 новых ачагоў лясных пажараў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік пажарнай службы краіны Нікас Дыямандзіс. Самая складаная сітуацыя ў горных раёнах Пелопанэса на поўдні, дзе сярод іншых працуе верталёт беларускіх ратавальнікаў, і на востраве Эўбея на поўначы. На барацьбу са стыхіяй і пераадоленне яе наступстваў грэчаскі ўрад выдаткаваў ужо 410 мільёнаў долараў.

У выніку пажараў загінулі 64 чалавекі. Агонь нанёс вялізную эканамічную шкоду, памеры якой яшчэ падлічваюць. Сотні людзей пазбавіліся жылля. Па падазрэнні ў падпалах затрыманыя ўжо 79 чалавек, аднак толькі семярым з іх былі прад'яўленыя абвінавачанні, інфармуе “Інтэрфакс”.

Як паведамлялася раней, у Грэцыі прысутнічаюць 15 беларускіх ратавальнікаў, з якіх шасцёра — наземныя спецыялісты-тэхнікі і дзевяць чалавек экіпажа. Верталёт абсталяваны вадазліўнай прыладай, можа забраць з любога вадаёма за адзін раз да 15 тон вады і перанесці ў патрэбную кропку.

Штодня ён лятае па 8-10 гадзін. Усяго з сярэдзіны чэрвеня гэтага года беларускія ратавальнікі наляталі на тушэнні пажараў у Грэцыі больш 170 гадзін. Згодна з кантрактам, беларускія ратавальнікі прабудуць у Грэцыі да сярэдзіны кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі