У Гомелі рыхтуюць дабрачынны канцэрт у падтрымку Антона Дабрасельскага

На наступным тыдні, 17 траўня ў Гомелі ладзяць дабрачынны канцэрт "Новае сэрца" у падтрымку 13-гадовага Антона Дабрасельскага, якому тэрмінова патрабуецца перасадка сэрца.

Арганізатарамі канцэрту выступаюць Цэнтр культуры Гомелю, мясцовы Рок-цэнтр і гарвыканкам. Мерапрыемства адбудзецца на адчыненай пляцоўцы ля Лёдавага палаца і будзе бясплатным для гледача. Асноўная яго мэта — збор ахвяраванняў арганізацый і прыватных асоб на аперацыю хвораму хлопчыку. Арганізатары спадзяюцца, што канцэрт выкліча грамадскі рэзананс.

Нагадаем, што некалькі гадоў таму гамяльчаніну Антону Дабрасельскаму паставілі дыягназ "дылятацыйная кардыёміяпатыя". Гэта невылечная хвароба, пры якой сардэчная мышца ператвараецца ў злучальную тканіну, сэрца хутка павялічваецца ў памеры, і надыходзіць смяротны зыход. У лістападзе 2007 гады хлопчыку зрабілі ўнікальную аперацыю, падчас якой на сэрца надзелі сеткаваты каркас, які дазваляе замарудзіць яго рост. Мэта гэтай аперацыі — даць час на арганізацыю іншай аперацыі, па трансплантацыі сэрца. У Беларусі падобныя аперацыі пакуль не вырабляюцца, а для лячэння за мяжой неабходна больш 500 тысяч еўра. Па стане на 7 траўня на аперацыю Антону сабрана 230 тысяч еўра.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі