У дзень вяселля маладыя трапілі не ў ЗАГС, А ў турму

Магілёўскімі супрацоўнікамі міліцыі па падазрэнні ў збыце наркотыкаў затрымана маладая пара. Цікавостка ў тым, што 27 красавіка ў іх павінна было адбыцца вяселле. Не маючы сродкаў на святочныя мерапрыемствы, маладыя наладзілі пастаўку і продаж метадону ў Магілёве.
Гэты наркотык звычайна выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах дзеля зняцця фізічнай залежнасці ад гераіну. Стандартная доза складае 0,1-0,15 грама.

Аляксандр Калістратаў, начальнік аддзела наркакантролю Кастрычніцкага РАУС Магілёва, паведаміў Еўрапейскаму радыё, што маладыя людзі за месяц сваёй дзейнасці паспелі прадаць каля 15 грамаў метадону:

“Нам паступіла аператыўная інфармацыя, і адразу пачаліся аператыўныя мерапрыемствы. Напрыканцы падазроныя былі ўзяты падчас продажу чарговай дозы. На працягу месяца былі прамыя пастаўкі метадону ў Магілёў. Яны абодва працуюць”.

Будучы жаніх узяў віну на сябе, можна нават сказаць, зрабіў не самы дрэнны падарунак сваёй абранніцы. І зараз, калі усё будзе добра, то пакаранне будзе прызначана толькі яму, а пры такой умове яны ўсё роўна здолеюць ажаніцца.

Юры Васілеўскі, следчы па гэтай справе, расказаў журналістам Еўрарадыё, што сама ідэя займацца наркотыкамі нарадзілася ў маладых на глебе нястачы грошай на вяселле. Але за яе ажыццяўленне ім пагражае арышт больш чым на восем год:

“Будучы муж ужо прызнаўся ў злачынстве. Менавіта ў тым, што па папярэдняй дамоўленнасці займаўся збытам наркотыкаў. На гэты момант абодва яны арыштаваныя і знаходзяцца ў магілёускім следчым ізалятары.

Спадарыня выкарыстала сваё права і пасля гутаркі са сваім адвакатам дала паказанні, якія адрозніваюцца ад дадзеных адразу пасля затрымання. Па беларускім заканадаўстве, ім пагражае пазбаўленне свабоды ад 8 да 13 год.

Папярэдняе расследаванне доўжыцца 2 месяцы, значыць, суд адбудзецца ў чэрвені. Свае дзеянні патлумачылі ў першую чаргу адсутнасцю грошай на вясельныя пярсцёнкі”.


Яшчэ адзін цікавы момант у гэтай гісторыі – гэта тое, што маладыя жылі і займаліся “збіраннем” грошай на вяселле разам са сваімі бацькамі, у адной кватэры. Еўрарадыё дазванілася да адваката маладой пары, аднак Алег Усціновіч адмовіўся што-небудзь расказваць наконт абароны сваіх кліентаў, матывуючы гэта інтарэсамі сваіх падапечных:

“Калі інфармацыя па абароне маіх кліентаў будзе апублікавана, то потым уся лінія абароны не будзе каштаваць нічога…”


Фота — www.dap.ie

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі