У ЦВК пачалася рэгістрацыя кандыдатаў на прэзідэнта

У Беларусі стартаваў новы этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, якая пройдзе з 14 па 23 лістапада. Дакументы на рэгістрацыю перадалі ўсе 11 прэтэндэнтаў, у тым ліку прадпрымальнік з Віцебску Ўладзімір Правальскі, які, паводле інфармацыі Цэнтрвыбаркаму, не сабраў патрэбную колькасць подпісаў, паведамляе БелаПАН. Плануецца, што паседжанне ЦВК, на якім будуць зарэгістраваныя кандыдаты, адбудзецца 18 лістапада. Са словаў сакратара камісіі Мікалая Лазавіка, прэтэндэнты, якія сабралі болей за 100 тысяч подпісаў, з высокай доляй верагоднасці будуць зарэгістраваныя. Недакладныя біяграфічныя звесткі не стануць падставай для адмовы ў рэгістрацыі. Апроч таго, прэтэндэнт на пост прэзідэнта мае права на памылку пры падачы дэкларацыі аб прыбытках. Памылка будзе лічыцца неістотнай, калі сума прыбыткаў будзе адрознівацца ад рэальнай меней чым на 20%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі