У Брэсце ў актывістаў кампаніі “Гавары праўду” забралі шарыкі і кампутары

Міліцыянты таксама павезлі з партыйных, прафсаюзных офісаў і кватэраў дэмакратычных актывістаў самую разнастайную літаратуру. 
На здымку: Тут раней быў кампутар...

Старшыня Брэсцкай арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў распавёў Еўрарадыё:

"У 12.20 прыйшлі афіцэры міліцыі Захараў Іван Уладзіміравіч, Грышын Данііл Віктаравіч і Шапавалаў Алег Іванавіч з панятымі. Маўляў, узбуджаная нейкая там крымінальная справа, і гэта ёсць падставай для пошукаў. Тут офісаў многа, на гэтым адрасе, які ў пастанове на ператрус. Але міліцыянты чамусьці зацікавіліся менавіта нашым. Тут сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) месціцца і Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Брэсцкае аддзяленне. Забралі частку архіва агітацыйнай літаратуры, улёткі на выбары, бюлетэні прафсаюзныя. Каля 2-3 тысячаў паштовак “Гавары праўду” забралі, каля ста шарыкаў “За праўду” і столькі сама кніг Уладзіміра Някляева. Кампутары павезлі абодва і асабісты ноўтбук Ганны Канюс". 


Таксама паралельна пачаўся ператрус дома ў Ганны Канюс, старшыні гарадской арганізацыі БСДП (Грамада), сказаў спадар Лазарэнкаў.

Спадарыня Канюс пацвердзіла: бацька паведаміў па тэлефоне, што вынеслі з дому кампутар і яе паперы.


На здымку: Офіс Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) пасля ператрусу.

Міліцыянты хацелі таксама трапіць у офіс Брэсцкай абласной арганізацыі Работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці, які месціцца ў тым самым будынку, што і абшуканыя офісы. Але не было старшыні Зінаіды Міхнюк. Быў выказаны намер адкрыць дзверы аўтагенам, сказаў юрыст прафсаюза Ўладзімір Малей. Яму растлумачыць мэту ператрусу міліцыянты не захацелі.

А 18-й гадзіне каля офіса па-ранейшаму знаходзіліся міліцэйскія аўтамашыны (на здымку).


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі