У Брэсце спрабуюць праводзіць суды ў рэжыме відэаканферэнцыі

У Брэсце зладзілі разбор судовай справы без прыезду бакоў на месца, распавяла Еўрарадыё намеснік старшыні Брэсцкага абласнога гаспадарчага суда Ніна Дзяркач: – Гэта была спроба. Хутчэй гэта пілотны праект пакуль. Бакам, якія спрачаюцца ў судзе, зручна: не трэба прыязджаць. І нам таксама не трэба гадаць: прыедзе, не прыедзе. Сёлета не, а ў наступным годзе пастараемся пры дапамозе раённых выканкамаў наладзіць разгляд спраў у рэжыме відэасувязі.

Існуюць праблемы, найперш тэхнічнага характару, сказала спадарыня Дзяркач. Найперш, патрэбныя кампутаршчыкі, якія забяспечаць бездакорную працу абсталявання. Далей, абсталяванне такога ж высокага ўзроўню, якое стаіць у Брэсцкім абласным судзе, мусіць стаяць і на відэаўваходзе. І нарэшце, на другім канцы відэаканала няма каму прадстаўляць гаспадарчы суд пры прад’яўленні дакументаў.

Абсталяванне ў абласным гаспадарчым судзе паставілі пад час нядаўняга рамонту і дзякуючы ладным паступленням ад выніковай дзейнасці, сказала Ніна Дзяркач. Саму ідэю “падглядзеў” пад час візітаў у Польшчу і Кітай старшыня суда Сяргей Кулак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі