У белых сценах Палаца мастацтваў ажыў гук!

Ці можна пафарбаваць белыя сцены жывой музыкай? Адказ такі: не. А вельмі хацелася. І нават амаль атрымалася падчас чарговай серыі альтэрнатыўнага фэсту "Жывы гук ON-line".
Імпрэза адбылася не дзе-небудзь, а ў экспазіцыйнай зале Палаца мастацтваў. Канцэрт у музеі — гэта, я вам скажу, вялікая рызыка. Бо ёсць стэрэатып: у мастацкія галерэі звычайна ходзяць глядзець, а не слухаць. А тут мала таго, што пустыя сцены на свядомасць давяць, дык яшчэ і музыка ў вушы ліецца. І, як на сапраўдным рок-фэсце, можна рабіць амаль усё, што заўгодна! У музеі!!!



Але пра ўсё па чарзе. Чацвёрты год гітарыст і грамадзянін Піт Паўлаў добрасумленна шукае ў нашым  закамплексаваным горадзе Мінску новую прастору для культурнага выяўлення. Наведвальнікаў Палаца мастацтваў сустракалі фотаздымкі з леташняй імпрэзы "Жывы гук ON-line", якая адбылася ў двары Дома афіцэраў. Сёлета эксперымент сягнуў далей: фэст перасунуўся ў фантастычнае памяшканне, дзе кожны квадратны сантыметр дыхае ўспамінамі пра творчасць.





Але вось бяда: бляклыя сцены праглынулі "жывы гук", на якасць якога падчас імпрэзы давялося пачуць нямала скаргаў. І пошукі багемнай фестывальнай атмасферы не ў кожнага сягнулі далей за "пасядзець ля сценачкі".



Сёлетні "Жывы гук ON-line" першым у кар'еры публічным выступам адкрыў гурт "Глебстеры". Шкада, хлопцаў амаль не заўважылі. На першым паверсе працавала імправізаваная фотавыстава, і тады яшчэ нешматлікія гледачы швэндаліся туды-сюды, не вельмі звяртаючы звагу на музыкаў.

Фэст працягнула каманда The Blackmail. Музыкам цяжкавата з прасоўваннем, бо адзін гурт Blackmail у свеце ўжо ёсць... Але, нягледзячы на гэтую акалічнасць (а можа і дзякуючы ёй... Жарт!), людзі ў Палац мастацтваў падцягнуліся. Што на сцэне, што ў зале пачаўся ненавязлівы раскілбас. Ды і хіба мае сэнс пад лёгкае прыбрытаванае indie стаяць рукі ў бокі?











Пераможца леташняй "Бардаўскай восені" гурт Re1ikt, здаецца, крыху стаў на ногі ў Мінску. Гурт Вовы Казлова адыграў даволі звыклы электрычны сэт. Тым часам людзі ўсё ішлі і ішлі. Але агромную прастору Палаца мастацтваў гледачы ледзь запоўнілі на траціну.









Наступны ўдзельнік імпрэзы — гурт "Мутнаевока" — справакаваў гледачоў на слэм! Справа не толькі ў знешнім падабенстве Яўгена Змушкі да Курта Кабэйна...



...Музыкі здагадаліся абвясціць конкурс і самаму актыўнаму гледачу паабяцалі прыз. Таму адзін з іх папёр на "Мутнаевока", як чырвоны кавалерыст на нямецкія танкі.





Вось такая атрымалася ў Піта Паўлава чарговая радыкальная спроба прымусіць беларусаў адпачываць сэрцам пад якасную музыку. Не менш рашучымі будуць і наступныя дзеянні праекта "Жывы гук ON-line":

Піт Паўлаў: "Сачыце за месцамі, дзе мы будзем з'яўляцца. А мы збіраемся ў бліжэйшы час з'явіцца проста недзе ў лесе і ў мінскіх парках. Там будуць маленькія акустычныя канцэрты, куды можна будзе прыходзіць і слухаць ціхую акустычную музыку.

А 23 траўня адбудзецца маштабны канцэрт. Сачыце за абвесткамі ў інтэрнэце!"

Імпрэза "Жывы гук ON-line" адбылася 2 красавіка ў межах фэсту моладзевых эксперыментальных арт-праектаў "FUN HOUSE" пры падтрымцы фонда "Развіццё", галерэі "ZOYA" і Еўрапейскага радыё для Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі