У Беларусі прайшлі гонкі за птушкамі

Адкрыты чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі адбыўся 4 верасня. Удзельнікі павінны былі адзначыць як мага больш відаў дзікіх птушак. Асаблівасць сёлетняга бёдрэйсу ў тым, што каманды ўдзельнікаў былі раскіданыя па ўсёй краіне. Іх задачай было налічыць як мага болей відаў птушак за 9 гадзінаў — ад 6.00 раніцы да 15.00 дня. 114 відаў за 9 гадзін- такі абсалютны рэкорд за ўвесь час спаборніцтваў ўсталявалі арнітолагі. Фінска-беларуская каманда  “Lintu” атрымала першае месца. За ёй удзельнікі з Брэстчыны, якія зафіксавалі 109 відаў. Трэцяе месца дасталося камандзе “Кронан” з Гродна за 97 відаў птушак.

Яе ўдзельнік Дзмітрый Вінчэўскі распавёў, што вакол горада значна пагоршылася асароддзе для птушак.  Свае назіранні гродзенскія арнітолагі заўжды пачыналі ў раёнах вёсак Абухава і Беражаны.  Але ж блізу Абухава ліквідавалі сажалкі, дзе спынялася шмат кулікоў, а ў мясціне паміж Беражанамі і прадпрыемствам “Азот” выкасілі траву і зрубілі дрэвы. Паводле Дзмітрыя Вінчэўскага, цяпер многія віды птушак засталіся без добрага месца адпачынку.
 
Спартовыя назіранні за птушкамі ў натуральных умовах папулярныя сярод арнітолагаў усяго свету. У Беларусі ўжо сёмы раз чэмпіянат праводзіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі