У Беларусі адукацыйны ўзровень жанчын вышэйшы, чым у мужчын

У Беларусі адукацыйны ўзровень жанчын вышэйшы, чым у мужчын, і захоўваецца такім на працягу працяглага перыяду. Такую выснову Нацыянальнага статыстычнага камітэта перадае БелаПАН. Сярод працуючых жанчын 54,6% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчын — 37,1% (у 2000 годзе адпаведна 48,7% і 32,8%).

Па-ранейшаму колькасць жанчын, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю, пераважае над колькасцю мужчын. Так, на пачатак 2009/10 навучальнага года колькасць жанчын-навучэнак у краіне склала 879 тысяч (51,1% ад агульнай колькасці навучэнцаў), колькасць мужчын-навучэнцаў — 840 тысяч (48,9%).

У агульнай колькасці рабочых пераважаюць мужчыны (56,3%), у агульнай колькасці службоўцаў — жанчыны (68,1%). Галоўным чынам "жаночымі" з'яўляюцца калектывы арганізацый гандлю і грамадскага харчавання, установаў культуры, фінансаў, крэдыту і страхаванні, адукацыі і аховы здароўя. Удзельная вага жанчын у гэтых галінах складае ад 73,9% да 85,7%. Выкладчыкамі школ традыцыйна працуюць пераважна жанчыны.

Сярод дзяржчыноўнікаў усіх узроўняў кіравання 67,4% складаюць жанчыны, як правіла, якія займаюць пасады галоўных, вядучых і іншых спецыялістаў. Сярод кіраўнікоў (першых асоб) рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іх намеснікаў жанчын 19,6%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі