У Akute на бубнах сыйграў Alesis

110808 Zybluk Akuta.mp3

На мінулых выходных адбыўся шосты па ліку канцэрт серыі “Тузін. Unplugged”. Гэтым разам аблегчаны варыянт сваёй творчасці прадставілі магілёўскія рок-каманды Nevma і Akute. Вядучы імпрэзы Алег Хаменка ва ўступнай прамове падкрэсліў мужнасць музыкаў-удзельнікаў падобных канцэртаў.

Вядучы Алег Хаменка ладзіў конкурсы і раздорваў падарункі

Алег Хаменка: “Гэтыя музыканты рашыліся на такі сур’ёзны крок ці эксперымент, таму што ўсё-такі unplugged – гэта баявыя ўмовы, у якіх музыканты выглядаюць незвычайна. І ты разумееш, хто ёсць насамрэч гэты гурт, таму што гэта ўсё-такі складана: выйсці і паспрабаваць не так, як гэта звычайна гучыць, а у камерных абставінах адбівацца, ці ўсё ж такі прапанаваць штосьці больш ад сэрца, можа штосьці больш інтымнае”.

Ад магілёўцаў, якія часам дыктуюць музычную палітыку ўсяму беларускаму року, мінчукі чакалі цудаў. Натуральна, дэбютныя пласцінкі абодвух гуртоў не пакінулі раўнадушнымі ні слухачоў, ні музычных крытыкаў, а імгненны рост папулярнасці Akute прывёў на канцэрт людзей, не знаёмых дагэтуль з беларускамоўным рокам.

Маладыя людзі: "Гэта супер! Ніколі не думалі, што беларуская музыка можа быць настолькі трапнай і моднай! Цешыць, што здараюцца такія адкрыцці!"

Замест гурта Nevma у Мінск прыехаў дуэт Nevma з дзьвюма акустычнымі гітарамі, на месца адной з якіх часам прыходзіла балалайка. Музыкі выконвалі вядомыя і новыя песні, хваляваліся, бо падобны эксперымент ім давялося ажыццявіць упершыню. Фронтмэн гурта Даніл Забела кажа, што песні ў новым варыянце атрымалі другую душу.

Даніл Забела: “Песні сталі больш інтымныя, нягледзячы на тое, што і драйвовыя прысутнічалі. Спакойна ўсё, крышачку вакалу можна паказаць, але ўсё было ў межах”.

Музыкі гурта Nevma збіраюцца не спыняцца на дасягненнях на акустычным “Тузіне” і сыграюць падобны канцэрт ужо 28 жніўня ў Магілёве. А ўвогуле, калі глабальна, гурт піша новы рускамоўны дыск.

Даніл Забела: “Мы зараз запісваем новы альбом. У нас жа 50x50 беларускамоўных і рускамоўных песень, як гэта паказаў першы альбом. Затым мы запісалі беларускамоўны максі-сінгл у хатніх умовах. А зараз мы робім драйвовую, гучную рускамоўную пласцінку, на якой будзе адна песня па-беларуску. А потым вырашылі зрабіць лёгкі беларускамоўны праект. Мяшанкі больш не будзе”.

Тое, што здарылася падчас акустычнага выступу Akute, кажа пра правільнае новае пакаленне музыкаў і іх правільную музыку. А менавіта: увесь паб Графіці спяваў песні Akute НАПАМЯЦЬ! Часам нават гучней за Стаса і Рому, якія выйшлі на сцэну клуба удвох, прыхапіўшы з сабой драммашынку Alesis. А хлопцы як раз гэтага і чакалі. Такой рэакцыі.

Стас Мытнік: “Вядома! Кожны чакае, але не заўсёды такое бывае. 50 на 50. Таму вельмі прыемна, калі гэтыя чаканні спраўджваюцца”.

Музыкі, акустычны сэт якіх адзначыўся адначасова энергіяй і нейкай пранізлівай пяшчотай, а паўзы –добрым пачуццём гумару, паабяцалі ўвосень засесці за запіс новага альбома.

Раман Жыгараў: “Мы зараз адчуваем, што ў нас ёсць сілы, мы ведаем, што нам ёсць, што пісаць далей. І з’яўляюцца яшчэ больш новыя песні. Напрыклад, зараз іх 12. І ўжо ўзнікае пытанне, ці ўсе пісаць на альбом, ці некаторыя пакінуць да лепшых часоў”.

Менавіта з’яўленне Akute і іх постпанк нарэшце канчаткова залічыў беларускую музыку ў шэрагі сусветнай музыкі. Магілёўскае трыа патрапіла ў кропку і не хавае сваёй значнасці.

Akute: “Мы добра разумеем сваё месца. Ну як адчуваем? Мы не спецыяльна гэта рабілі. У нас гэта ўсё імправізацыя. Мы гатовыя і хочам несці такую культуру – сусветную, касмапалітычную. Нашу музыку слухаюць у Амерыцы, Афрыцы, Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Францыі”.



... Музыкі з’ехалі ў Магілёў, а Алег Хаменка паабяцаў шмат сюрпрызаў ад акустычнага “Тузіна”, які, нагадаем, восенню мае прадставіць новую серыю праекта “Тузін. Перазагрузка-2”. Цяпер па-беларуску заспяваюць не толькі беларускія артысты, але і замежныя зоркі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі