Тэрмінова ў Крым? Толькі верхнія паліцы

Але калі паставіць за мэту і званіць у білетныя касы на працягу цэлага дня, можна “злавіць” і ніжняе месца ў купэ.
Калі вы раптоўна вырашылі паехаць на адпачынак у Крым і жадаеце набыць білет на цягнік, лепшае, на што можна разлічваць за некалькі дзён да адпраўкі, – верхняе бакавое месца ў плацкартным вагоне. Пра гэта карэспандэнту Еўрапейскага радыё паведамілі ў касах чыгуначнага вакзала Мінску, калі паспрабаваў набыць квіток на 16 чэрвеня да Сімферопаля.

Касірка: “На 16 чэрвеня – адно плацкартнае бакавое верхняе”.

Але адразу супакоіла і дала параду на будучыню.

Касірка: “Трэба браць загадзя, калі хочаце добрыя месцы. Хаця можна ўзяць і за некалькі дзён перад самым адпраўленнем”.

Такім чынам, вызначацца з дакладнай датай выезду ў адпачынак і клапаціцца пра лепшыя месцы ў вагоне неабходна за 45 сутак да выезду. Менавіта за столькі дзён чыгуначнікі пачынаюць прадаваць квіткі.

Можна набрацца цярпення і паспрабаваць замовіць білет па тэлефоне 151, а потым выкупіць яго на працягу трох дзён. Толькі цярпенне павінна быць сталёвае: карэспандэнт Еўрарадыё затраціў на такі “дазвон” амаль 4 гадзіны. Другі варыянт — займаць чаргу ў папярэдніх касах.

Пачынаючы з 18 траўня чыгуначнікі ўвялі новую паслугу – продаж білетаў праз Інтэрнэт. Але як шчыра прызналася кіраўніца прэс-службы Таццяна Бондарава, яна яшчэ не зусім добра адпрацавана.

Таццяна Бондарава
: “Паслуга толькі праходзіць апрабаванне. Здараюцца розныя накладкі. Усё ж такі гэта навінка — як для нас, так і для пасажыраў. Разам з тым, пачынаючы з 18 траўня такую паслугу мы афіцыйна падаем”.

Безумоўна, Інтэрнэт, тэлефон і папярэднія касы — гэта добра. Але і яны не ўратуюць і не задаволяць ўсіх жадаючых, калі будзе проста звычайны недахоп цягнікоў у “гарачым” напрамку. Прэс-сакратар беларускіх чыгуначнікаў Таццяна Бондарава сцвярджае, што яны зрабілі і так усё магчымае.

Таццяна Бондарава
: “Беларуская чыгунка перавяла ў разрад хуткіх частку цягнікоў найбольш запатрабаванага, паўднёвага кірунку. Напрыклад, 129\130 Брэст-Сімферопаль, 135\136 Мінск-Еўпаторыя, 139\140 Мінск-Сімферопаль. Зменены маршрут 37\37 хуткага цягніка Мінск-Адлер. Маршрут пракладзены праз Украіну і скарочаны на 542 кіламетры і са змяншэннем часу на 15 гадзінаў 42 хвіліны”.

Ёсць яшчэ адзін варыянт. Праўда, ён лепш падыходзіць тым, каму не дастаўся нават бакавы плацкарт, альбо аматарам ездзіць на “перакладных”, ці тым, хто хацеў бы правесці дзень у Кіеве. Да сталіцы Украіны можна даехаць хуткім цягніком №86. Ходзіць штодня, у Кіеў прыбывае ў 8.56. Пакуль сілы на адпачынак не растрачаныя, можна пабачыць нешта цікавае. А там і ў Крым можна дабрацца без праблемаў.

На пытанне: “Чаму было немагчыма ўвесці на летні перыяд некалькі дадатковых цягнікоў крымскага кірунку?”, начальнік станцыі “Мінск-Пасажырскі” Ігар Лапянок адказаў коратка – няма такой тэхнічнай магчымасці. Па яго словах, у Крым зараз ідуць дзесяткі цягнікоў з усіх гарадоў СНД, і прапускная здольнасць чыгункі не дазваляе дадаць штосьці яшчэ.

На заканчэнне кіраўнік прэс-службы чыгуначнікаў Таццяна Бондарава супакоіла.

Таццяна Бондарава
: “Ніхто яшчэ ніколі не застаўся: усе прыехалі і з’ехалі”.

P.S. Напрыканцы дня 11 чэрвеня карэспандэнт яшчэ раз паспрабаваў набраць нумар 151. Дазваніўся не толькі досыць хутка (за хвілінаў 40), яму яшчэ і пашчасціла — прапанавалі ніжняе месца ў купэ. Так што, калі вам не прынцыпова, у які час ехаць, можна разлічваць не толькі на бакавы плацкарт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі