Сярэдні заробак падае, дэпутацкі – узрастае

Толькі 2 красавіка пачалася веснавая сесія Палаты прадстаўнікоў, а дэпутацкія заробкі ўжо ўзраслі – прычым задняй датай! На гэты конт неспадзявана прагаварыўся падчас аднаго з шараговых паседжанняў дэпатут ад Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі, генерал Леанід Глухоўскі. “Дэпутатам заробак падвысілі задняй датай, і ўсе задаволеныя, і ніхто не абураецца”, – цытуе народнага выбранніка “Ежедневник”.

Іншыя заканадаўцы прапусцілі гэтую тыраду міма вушэй – сапраўды, навошта прыцягваць залішнюю ўвагу да далікатнай тэмы? Журналістаў жа, якія адразу пачалі высвятляць: колькі цяпер атрымліваюць народныя выбраннікі? – пасылалі ў цалкам зразумелым напрамку:

Вольга Абрамава: “Звярніцеся, калі ласка, па гэтым пытанни да дэпутата Глухоўскага, які ўчора падняў гэтую тэму”.

Да пытанняў уласных заробкаў і ільготаў для сябе, любімых, час ад часу звяртаюцца дэпутаты ўсіх узроўняў.

Напрыклад, у 2003-м годзе дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў надалі сабе права ільготнага праезду ў гарадскім грамадскім і прыгарадным транспарце. Але пад уплывам розгаласу і некалькіх артыкулаў у прэсе старшыня аблсавета Мікалай Жук не падпісаў гэтае рашэнне.

Пры канцы 2005-га Палата прадстаўнікоў абмяркоўвала магчымасць патраціць грошы падаткаплацельшчыкаў на аплату рахункаў за размовы па дэпутацкіх мабільніках.

Вольга Абрамава, голас якой вы толькі што чулі, выступіла тады супраць гэтай ініцыятывы. Гэтае выступленне было паспяховым:

Вольга Абрамава: “Дэпутаты аплочваюць мабільнікі з уласных сродкаў”.

Апошні раз дэпутацкія заробкі ўздымаліся ў снежні 2004 года. Тады, па звестках “Комсомольской правды в Белоруссии”, аклады народных выбраннікаў павялічыліся прыкладна на траціну і сталі складаць каля 1000 долараў.

Згодна са звесткамі, якія Сяргей Гайдукевіч паведаміў “Еўрапейскаму радыё для Беларусі”, да сёлетняга красавіка дэпутацкія заробкі істотна не змяняліся:

Сяргей Гайдукевіч: “Я шчыра адкажу... У мінулым годзе ў мяне заробак быў 2 мільёны... 800... Не, 1 мільён 850 тысяч. У гэтым годзе я атрымльваў недзе 2 мільёны 180 тысяч”.

У снежні мінулага года намінальны сярэдні заробак у Беларусі складаў 668 тысяч беларускіх рублёў, ці 312 долараў у эквіваленце. Але за студзень гэты паказчык панізіўся да 617,2 тысяч рублёў – крыху больш, чым на 7,5 адсоткі.

Дзіўная штука: дэпутацкі заробак, паводле Сяргея Гайдукевіча, з мінулага года наадварот, узняўся на 330 тысяч рублёў. – прыкладна на 17 адсоткаў!

Сяргей Гайдукевіч: “За студзень, люты і сакавік там нешта дадалі, і ў красавіку аддалі – вось і ўсё, што я ведаю, таму што я на сесіі не быў – у мяне МЗСаўскія справы, я зараз у дарозе”.

Гэтае красавіцкае падвышэнне, пра якое недарэчы згадаў і Леанід Глухоўскі, добра адпавядае афіцыйным прагнозам, згодна з якімі пры канцы 2007 года намінальны сярэдні заробак у Беларусі будзе роўны 350 доларам у эквіваленце.

Аднак рэчаіснасць дыктуе адваротную дынаміку заробкаў: за люты сярэдняя заработная плата ўпала да 614,3 тысяч рублёў.

Згодна са статыстычнымі звесткамі, у 2007-м сярэдні заробак падае і ў бюджэтнай сферы, і ў прамысловасці, карацей – паўсюль, дзе няма дэпутатаў. І гэта цалкам зразумела: каго-каго, а сябе народныя выбраннікі не пакрыўдзяць.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі