Сваякі Караткевіча праігнаравалі адкрыццё помніка бабулі класіка (ФОТА)

А сама намагільная пліта ўсталяваная на ахвяраванні прыхільнікаў класіка На Старых могілках Рагачова ў суботу адбылося ўрачыстае адкрыццё намагільнага помніка бабулі пісьменніка Людміле Антонаўне Барысевіч. Яшчэ два месяцы таму магіла была недагледжаная, без усялякіх пазнакаў, з зямлі проста тырчаў іржавы крыж. Аднак прыхільнікі творчасці Караткевіча вывесілі заклік у інтэрнэце, сабралі грошы – і вырабілі дыхтоўны помнік.

На адкрыццё помніка з Мінска прыехаў ініцыятар збору сродкаў паэт Глеб Лабадзенка, а таксама паэт Сяргей Панізьнік – сябар Караткевіча. Нягледзячы на моцны мароз і завіруху, рагачоўцы прыйшлі на могілкі, каб аддаць даніну памяці сваёй зямлячцы, бабулі вялікага пісьменніка.

Прыкра, што ў адкрыцці помніка не ўзялі ўдзел сваякі Уладзіміра Караткевіча. У Мінску жыве пляменніца пісьменніка, якой належаць усе аўтарскія правы на творы класіка. З нейкай прычыны яна не змагла прыехаць. А рагачоўскія сваякі – стрыечны брат пісьменніка Сяргей з жонкай Тамарай – абяцалі прыйсці, аднак не з’явіліся.

На могілках прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай улады – галоўны ідэолаг раёна Пётр Гузялевіч і начальнік аддзела культуры Міхаіл Зайцаў. Яны распавялі, што ў наступным годзе райвыканкам запланаваў шэраг мерапрыемстваў да 80-годдзя Караткевіча. У прыватнасці, перайменаванне часткі вуліцы Чкалава ў вуліцу Караткевіча, добраўпарадкаванне дзедаўскага дома пісьменніка, усталяванне на доме мемарыяльнай табліцы.

Паэт Сяргей Панізьнік падзяліўся з Еўрарадыё эмоцыямі з нагоды адкрыцця помніка.

Сяргей Панізьнік:
Радасна было бачыць людзей, якія сабраліся, каб ушанаваць памяць, бо пачынаецца юбілейны год. Як хораша, калі ініцыятыва праяўляецца самімі людзьмі! Сам помнік, які пастаўлены на магіле бабулі, гэта – цуд архітэктуры!

Пасля адкрыцця помніка ў рагачоўскім музеі адбылася прэзентацыя дыска “Галасы”, на якім змешчаныя сапраўдныя галасы Караткевіча, Геніюш і Барадуліна, якія спадар Панізьнік запісаў у далёкім 1968 годзе.


Для большай урачыстасці помнік папярэдне затулілі тканінай


За новым помнікам можна пабачыць стары крыж, які было вырашана захаваць


Сябра Караткевіча паэт Сяргей Панізьнік сказаў на адкрыцці шмат цёплых словаў і прачытаў верш


Помнік атрымаўся вельмі ладны і прыгожы


На пліце змешчаныя словы Караткевіча, прысвечаныя бабулі


На прэзентацыі ў музеі Сяргей Панізьнік распавёў прысутным, якім быў Уладзімір Караткевіч у жыцці


Высветлілася, што прысутныя дзеткі ведаюць, хто такі Караткевіч, але не ведаюць, хто такі Ленін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі