Стаць прэзідэнтам Польшчы хочуць рок-музыка, транссэксуал і “адважны тата”

10 траўня ў Польшчы пройдзе першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле сацыялагічных апытанняў, найбольш шанцаў на перамогу мае дзейны польскі прэзідэнт Браніслаў Камароўскі (каля 47% галасоў выбаршчыкаў). На другім месцы кандыдат ад апазіцыйнай партыі "Права і Справядлівасць" (PiS) Анджэй Дуда (каля 28%). А вось на трэцім, паводле апошняга даследавання кампаніі MillwardBrown, нечакана апынуўся былы рок-музыка Павел Кукіз з вынікам у 5% галасоў. Экс-рокер кажа, што сабраў ужо 200 тысяч подпісаў выбаршчыкаў замест неабходных 100 тысяч, каб зарэгістравацца ў якасці кандыдата.

Цяперашні прэзідэнт Польшчы - Браніслаў Камароўскі

Галоўны апазіцыйны кандыдат Анджэй Дуда (PiS)

Павел Кукіз стартаваў у перадвыбарчай гонцы з моцнымі лозунгамі. Ён выказаўся за поўную забарону абортаў, супраць прапаганды гомасэксуалізму і за змену выбарчага заканадаўства. Прычым раней музыка і спявак аддзяляў сябе ад палітыкі і ўвогуле выступаў супраць дзяржавы. Калі ў 1982 годзе Кукіз разам з сябрам Яраславам Ляхам стваралі рок-гурт “Хак”, то ў лагатыпе выкарыстоўвалі літару "А", упісаную у кола, якая лічыцца сімвалам анархіі, тым самым падкрэсліваючы свае погляды.

Але сітуацыя змянілася, і бунтаўнік музычны ператварыўся ў бунтаўніка палітычнага. Па выніках леташніх мясцовых выбараў у Польшчы, Павел Кукіз увайшоў у ваяводскі соймік (адпаведнік беларускага абласнога савета дэпутатаў). Тады за яго аддалі галасы 15 тысяч выбаршчыкаў, што было трэцім вынікам у рэгіёне.

Экс-рокер Павел Кукіз

Рашэнне пайсці на прэзідэнцкія выбары Павел Кукіз агучыў 9 лютага і падкрэсліў, што гэта не чарговая вар’яцкая ідэя рок-н-рольшчыка, а сур’ёзнае рашэнне, якое будзе кульмінацыяй яго барацьбы за вяртанне дзяржавы грамадзянам. На яго думку, Польшча патрабуе велізарных рэформ, у тым ліку гаспадарчых. Летась Кукіз быў на Майдане ў Кіеве і казаў, што трэба “зрабіць усё, каб вырваць Украіну з расійскіх кіпцюроў”.

Павел Кукіз: “Я мог бы і цяпер паехаць на Майдан, як калісьці, з бронекамізэлькамі, але ніколі я не паеду туды з “калашнікавым”, таму што гэта стварае рызыку для грамадзянскага насельніцтва. Гэта дае Пуціну нагоду, каб усім “зялёным чалавечкам” прымацаваць расійскія сцягі і ўвесці рэгулярнае войска. Высылаючы зброю Украіне, мы не выратуем украінцаў, але можам стрэліць сабе ў калена”.

Акрамя былога рок-музыкі змагацца за пасаду прэзідэнта Польшчы збіраюцца яшчэ 22 прэтэндэнты. Сярод іх ёсць, напрыклад, лідар руху “Адважны тата” Зянон Новак, кінарэжысёр Гжэгаж Браўн, і нават транссэксуал з партыі Зялёных Ганна Гродская.

Ганна Гродская (да 2010 года Кшыштаф Бэнгоўскі)

Найбольшай папулярнасцю сярод польскай моладзі, паводле апытанняў, як ні дзіўна, карыстаецца кансерватыўна-ліберальны палітык Януш Корвін-Міке, вядомы падтрымкай палітыкі Пуціна ў дачыненні да Украіны. Корвін-Міке ўдзельнічаў ва ўсіх прэзідэнцкіх выбарах у сучаснай гісторыі Польшчы, аднак ніколі не набіраў больш за 3% галасоў. Цяпер яго рэйтынг таксама вагаецца ад 2 да 4%. 

72-х гадовы Януш Корвін-Міке

А вось сярод “навічкоў”, якія прыцягнулі сёлета шмат увагі польскай грамадскасці, варта згадаць прадстаўніцу партыі “Саюз дэмакратычных левых” (SLD), 36-гадовую Магдалену Агурэк. Яна ўваходзіць у пяцёрку лідараў прэзідэнцкай гонкі з падтрымкай каля 4,3% галасоў. Агурэк запомнілася выбаршчыкам не толькі мадэльным выглядам, але і гучнымі заявамі. Прэтэндэнтка сказала, што не бачыць сэнсу ў ігнараванні Пуціна, таму ў якасці прэзідэнта Польшчы яна асабіста б яму патэлефанавала, каб вырашыць праблемы.

Магдалена Агурэк, кандыдат гістарычных навук

Выбарчыя камітэты працягваюць збіраць подпісы ў падтрымку сваіх кандыдатаў. Канчатковы спіс усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Польшчы вызначыцца пасля 26 сакавіка. На дадзены момант афіцыйна зарэгістраваліся кандыдатамі ў прэзідэнты Браніслаў Камароўскі і Януш Корвін-Міке. Калі ніводзін з кандыдатаў не атрымае больш за палову галасоў выбаршчыкаў у першым туры, то 24 траўня адбудзецца другі тур.

Фота newsweek.pl, gazeta.ie, fakt.pl, tvn24.pl, wp.pl, wprost.plgazeta.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі