Спецназ штурмам браў Палац Рэспублікі

У Мінску пачаліся здымкі фільма, адну з роляў у якім можа выканаць знакаміты П'ер Рышар

Ля Палацу Рэспублікі здымачная група працавала над фінальнай сцэнай дэтэктыўнай гісторыі, звязанай з вяртаннем у краіну страчаных нацыянальных каштоўнасцяў. П'ера Рышара сярод акцёраў не назіралася.

14-га студзеня ў раёне Палаца Рэспублікі і галоўнай ёлкі краіны Белтэлерадыёкампанія распачала здымкі серыі фільмаў “Нацыянальны здабытак”, сцэнарыі якіх напісаныя паводле раманаў папулярнай аўтаркі дэтэктываў Вольгі Тарасевіч.

Усе 5 двухсерыйных фільмаў будуць звязаныя адной агульнай ідэяй: на працягу гісторыі галоўным героям стужкі давядзецца разблытаць злачынствы дзеля набыцця краінай каштоўнасцяў, якія і з’яўляюцца “нацыянальным здабыткам”.

Па словах другога рэжысёра фільма Наталлі Дзядзейка, здымачная група пачала працу з найбольш складанай фінальнай сцэны гісторыі. Зіма і 15-ціградусны мароз зусім не перашкодзілі здымкам: сапраўдны лёд якраз патрэбны паводле сюжэту карціны:

Наталля Дзядзейка: “Мы пачалі сёння здымкі. Сёння вельмі цяжкія сцэны, гэта фінал гісторыі. Праходзяць нармальна. Ідзём па графіку. Мяне, як другога рэжысёра ўсё задавальняе. Крыху холадна, але і не ў такіх умовах працавалі. Мы чакалі снег сёння. Але мароз таксама добра. У нас ёсць сапраўдны лёд. А гэта для нас — галоўнае!”

Паводле Наталлі, у фільме граюць у асноўным беларускія акцёры, галоўныя ж ролі дасталіся расіянам Андрэю Сакалову і Алене Корыкавай:

Наталля Дзядзейка: “У асноўным удзельнічаюць беларускія артысты ў здымках. Я думаю усе іх выдатна ведаюць. Сёння, у прыватнасці, адну з галоўных мужчынскіх роляў выканаў Аляксандр Марчанка. З маскоўскіх артыстаў магу назваць вам Алену Корыкаву і Андрэя Сакалова, якія будуць іграць галоўныя ролі на працягу ўсёй карціны”.

Што тычыцца абяцанага француза П’ера Рышара, дык яго ўдзел у фільме, а адпаведна і роля па-ранейшаму застаюцца таямніцай за сям’ю замкамі.

Назваць тэрміны заканчэння працы і прэм’еры “Нацыянальнага здабытаку” Наталля Дзядзейка не адважылася, маўляў, здымачны працэс — рэч непрадказальная, аднак на працягу бліжэйшых трох-чатырох месяцаў фільм будзе зняты.

Наталля Дзядзейка: “Гэта пытанне абстрактнае. Звычайна, калі пачынаюць, дык пра гэта не гавораць, бо здымкі працэс дастаткова непрадказальны. Каб не спаварочыць. Ну будуць ісці даволі доўга, 3-4 месяцы. А далей пакажа час”.

Усім цікаўным Наталля раіць сачыць за сінопсісамі ды анонсамі падзей, што разгортваюцца вакол ды на здымачнай пляцоўцы “Нацыянальнага здабытку”, прэм’ера якога, паводле некаторых дадзеных, запланавана на студзень 2011-га года.







Герой фінальнай сцэны Аляксандр Марчанка


Рэжысёр Ігар Пашкевіч

Наталля Дзядзейка



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі