Сонечная электрастанцыя кампаніі Velcom — найлепшы энергаэфектыўны праект

Сонечная электрастанцыя кампаніі Velcom — найлепшы энергаэфектыўны праект

Найбуйнейшая ў Беларусі сонечная электрастанцыя, пабудаваная кампаніяй velcom на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях, стала пераможцам другога рэспубліканскага конкурсу "Лідэр энергаэфектыўнасці-2016" сярод праектаў у галіне аднаўляльных крыніц энергіі.

Сонечны парк стаў пераможцам у намінацыі "Тэхналогіі і праекты на аснове аднаўляльных крыніц энергіі".  Найлепшыя праекты выбірала журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарту, НАН Беларусі, ПРААН / ГЭФ, іншых арганізацый і навуковых інстытутаў. Усяго імі было абрана 17 праектаў і тэхналогій, у тым ліку энергаэфектыўныя дамы і сістэмы энергазберажэння аўтазаправак.
 

Сонечная электрастанцыя пабудавана velcom пад Брагінам і займае тэрыторыю памерам з 60 футбольных палёў. Яе намінальная магутнасць дасягае рэкордных для беларускіх геліяўстановак 18,48 МВт, складаецца яна з 85 тысяч сонечных панэляў, а ў будаўніцтва электрастанцыі ўкладзена 25 мільёнаў еўра. Парк дазволіў знізіць энергетычную залежнасць краіны ад вуглевадароднай сыравіны — кожная гадзіна працы сонечнай электрастанцыі дазволіць адмовіцца ад 7 тысяч кубаметраў прыроднага газу.

Сонечны парк таксама павінен удыхнуць жыццё ў тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і стаць прыкладам таго, як забруджаныя землі могуць быць выкарыстаны ў камерцыйнай дзейнасці і прыносіць карысць мясцовай эканоміцы. У прыватнасці, да эксплуатацыйнага абслугоўванні парку актыўна прыцягваюцца мясцовыя падрадныя арганізацыі, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі