Шведская назіральніца: Грузінскія выбары парушылі міжнародныя стандарты

У Грузіі – поствыбарны сіндром. Партыя прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі «Адзіны рух — За пераможную Грузію» перамагла на парламенцкіх выбарах, што прайшлі ў мінулы чацвер. Апазіцыя ў адказ у нядзелю вывела на вуліцы каля 40 тыс чалавек і патрабуе перагляду вынікаў выбараў. Паслявыбарчую сітуацыю ў каўказскай краіне каментуе міжнарождная назіральніца, беларуска Ганна Канюс. 26 траўня – у Дзень незалежнасьці Грузіі -- апазыцыя выйшла на вуліцы Тбілісі, каб пратэставаць супраць вынікаў выбараў, якія лічаць фальсіфікаванымі. Паводле папярэдніх звестак ЦВК, партыя Саакашвілі атрымала 120 мандатаў са 150-ці, а апазіцыі застаецца толькі 30. Пабраўшыся за рукі, дэпутаты ад Аб’яднанай апазыцыі атачылі парламент, а потым паспрабавалі зайсці ў будынак. Выявілася аднак, што яго сцеражэ спецназ. Адзін з лідэраў апазіцыі Давід Гамкрэлідзэ прыгразіў, што не ўпусціць у будынак дэпутатаў Саакашвілі. Прэзідэнт жа заявіў, што парламент абраны як належыць, і пачне працу ва ўсталяваны тэрмін. Міжнародная назіральніца ад Шведскага ліберальнага цэнтру, наша суайчынніца Ганна Канюс назірала за галасаваннем у горадзе Горы. Яна на ўласныя вочы бачыла парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў:

Г.К: Людзі без пашпартоў атрымоўвалі бюлетэні, не была захаваная працэдура падліку галасоў, выбарчыя участкі былі ў будынках паліцыі, што забаронена, быў уціск, было такое, што раптам галасаваць ішлі натоўпам, у момант падліку галасоў раптам выключалася святло. Усё гэта было і магло паўплываць на вынікі наласавання.

Еўрарадыё: Ці маюць хоць аддаленую рацыю тыя, хто называе Міхаіла Саакашвілі “празаходнім дыктатарам”, а грузінскую апазыцыю – “прарасійскімі дэмакратамі”?

Г.К.: Я б так не спрашчала. Так, яны (дэмакраты) называюць Саакашвілі дыктатарам і параўноўваюць ягонае кіраванне з першымі гадамі кіравання Лукашэнкі. Але і сама апазыцыя заяўляе, што збольшага напружанасць і збройныя канфлікты інспіраваныя Расіяй. Так што назваць апазыцыю прарасійскай я б асцераглася. А так увогуле яны ўсе хочуць жыць у міры і бяз націскаў.

Associated Press адзначае, што цяпер адбываецца найвялікшая акцыя пратэстаў грузінскае апазіцыі пасля лістапада, калі пратэсты былі здушаныя паліцыяй, што моцна пашкодзіла іміджу Міхаіла Саакашвілі як дэмакратычнага рэфарматара.

Фота: НТВ

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі