Што пісалі СМІ пра пасланне А. Лукашанкі

Бадай што самай яркай падзеяй мінулага тыдню, акрамя выгнання амерыканскіх дыпламатаў, стала штогадовае пасланне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Ужо напярэдадні звароту ў інтэрнэт-выданнях з’явіліся меркаванні экспертаў на конт магчымых пытанняў. Трэба адзначыць, што ў асноўным эксперты не памыліліся. Выступленне прэзідэнта адбылося 29 красавіка і доўжылася больш за запланаваны час: амаль дзве з паловай гадзіны. Найбольш аператыўна на яго прарэагавалі інтэрнет-выданні, а на наступны дзень пасланне надрукавала як афіцыйная, так і недзяржаўная прэса. Аднак уважлівы чытач мог убачыць некаторыя адрозненні. Больш за ўсіх розначытанняў дапусціла “Советская Белоруссия”.

Там было апублікавана 2 версіі паслання. Першая раніцай 30 сакавіка з’явілася на сайце выдання і ў ёй не было ніводнага слова пра сярэдні заробак ў 700 долараў.

Другая ўжо з’явілася ў той жа самы дзень у друкаваным выглядзе. Аднак і гэтая была не поўнай. Адтуль кудысьці знік фрагмент, у якім Аляксандр Лукашэнка называе Аляксандра Казуліна “Вашывым карупцыянерам”.

У газетах “Звязда” і “Наша Ніва” змясцілі змястоўную стэнаграму паслання кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт казаў пра многае. І пра здароўе нацыі, і пра сям’ю, дзе выказаўся, што колькасць насельніцтва нашай краіны павінна павялічыцца ў тры разы.

Не забыўся кіраўнік і на дзейнасць грамадскіх суполак, тут акрамя крытыкі ў бок апазіцыянераў прагучалі і словы пра нашумелую сёння “Белую Русь”

„Сілу набірае „Белая Русь”, я б не стаў акцэнтаваць увагі, каб не спекуляцыі на ёй. Кажуць, Лукашэнка стварае сабе партыю ўлады. Я не прымаю такіх структур. Я абапіраўся толькі на народ, давяраю толькі народнай думцы”, - піша са слоў прэзідэнта “Наша Ніва”.

Пра палітвязняў прэзідэнт гаварыў не шмат:

“Тэму з вязьнямі закрываем. Пяцёра на свабодзе, адзін адмовіўся. Якія прэтэнзіі?”

Прытым асаблівую ўвагу надаў Аляксадру Казуліну, якому было прысвечана шмат абразлівых словаў.

Таксама не пакінуў па-за ўвагай Лукашэнка адукацыю і рэформу школы. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз зазначыў, што эксперыменты ў гэтай галіне пара заканчваць.

Не забыўся кіраўнік і на сродкі масавай інфармацыі

"СМI — такая ж вытворчасць, як i любая галiна эканомiкi. I спажывец чакае якасны iнфармацыйны прадукт. Прычым патрабаваннi да яго няўхiльна растуць. Тэле- i радыёкампанiям, газетам i часопiсам трэба ствараць сваю творчую прадукцыю, якая адпавядае традыцыям, што склалiся ў беларускiм грамадстве. Рэальнае жыццё ў краiне i грамадстве трэба не фабрыкаваць, вырываючы з кантэкста асобныя факты, а праўдзiва асвятляць", — цытуе Аляксандра Лукашэнка “Звязда”.

Аднак больш за ўсё ўвагі ў друку выклікалі словы Лукашэнкі, якія тычыліся будучых заробкаў і цэнаў у Беларусі.

“Утрымаць цэны мы не можам. Калі яны будуць ніжэйшыя, чым у Расіі і Ўкраіне – у нас вывязуць усе прадукты. Сяргей Сяргеевіч [Сідорскі], да канца пяцігодкі трэба сярэдні заробак – 700 даляраў, 500 будзе мала. Інакш не ўтрымаем стабільнасці”, - зазначыў прэзідэнт.

Гучалі выказванні і наконт будаўніцтва АЭС, ільготаў, беларускага кінематографа і нават пра “Карту палякаў”.

Цікава зрэагавалі на пасланне і незалежныя беларускія інтэрнет-выданні. Шмат пра гэта пісала “Комсомольская правда в Белоруссии”. Журналісты газеты нават умудрыліся падлічыць, колькі часу адводзіў прэзідэнт пад пэўную тэму. Напрыклад, пра карупцыі Лукашэнка казаў 10 хвілін, а пра заробак - усяго дзве. Тэме ж здароўя пашанцавала больш за ўсіх – ажно 17 хвілінаў.

На сайце “Хартыі” з’явіўся каментар кіраўніка навукова-даследчага Цэнтра Мізеса, эканаміста Яраслава Раманчука, які палічыў, што ў цяперашнім пасланні прэзідэнта вельмі шмат супярэчлівых тэзісаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі