Штанге ездзіў у Лондан дамаўляцца з Глебам

У выніку Глеб – капітан зборнай Беларусі, а каманда пераехала трэніравацца са Стаек у Мінск
Першым радыкальным рашэннем Берндта Штанге - новага, упершыню замежнага трэнера нацыянальнай зборнай па футболе з Нямеччыны, стала прызначэнне капітанам каманды Аляксандра Глеба. Новая пасада у зборнай для зоркі беларускага футболу, па словах нямецкага трэнера, будзе сапраўдным стымулам для маладых гульцоў:

“Аляксандр Глеб будзе капітанам футбольнай зборнай Беларусі. Падставай для гэтага рашэння было тое, што ён з’яўляецца самым вядомым гульцом з нашай краіны, а таксама гуляе на самым высокім футбольным узроўні. На мой погляд, гэта будзе добрая дапамога для маладых футбалістаў у камандзе. У нас не было часу праводзіць якія б там ні было выбары капітана, таму было прынятае такое рашэнне, з гэтага моманту яно пачынае дзейнічаць”.

Асноўнай прычынай такога рашэння стала арыентацыя спадара Штанге на маладое пакаленне беларускіх футбалістаў. Прычым акрэсленыя нямецкім трэнерам задачы для зборнай зараз будуць перакладзеныя на плечы Глеба:

“Думка зрабіць Глеба капітанам даўно ў нас была. Найперш, гэта было зроблена для таго, каб неяк падтрымаць Глеба, прычым дзеля таго, каб даць яму больш цяжкія задачы на будучыню”.

Берндт Штанге плануе такім чынам зняць антаганізм у зборнай, калі дэ-факта атрымлівалася два лідэры — капітан каманды і Аляксандр Глеб.

Атрымліваецца, што спадар Штанге выбраў тактыку працы з нацыянальнай зборнай на будучыню. На чале каманды пастаўлены Аляксандр Глеб як самы тытулаваны беларускі футбаліст. У склад каманды ўзяты былы гулец “маладзёжкі” Панамарэнка. А для таго, каб “угаварыць” Глеба працаваць па такой схеме, спадар Штанге нават лятаў у Лондан, каб дамовіцца:

“Шчыра: я лятаў у Лондан, каб выкласці яму патрабаванні, якія будуць спаганяцца з яго ў якасці трэнера каманды. Я яму расказаў тыя складаныя задачы, якія стаяць перад камандай, і зараз Глеб павінен ставіць іх перад сабою”.

Перад гульнёй з Ізраілем нямецкі трэнер вырашаецца на змену традыцыйнага месца трэніровак зборнай. Каманда не паедзе ў Стайкі, а застанецца трэніравацца ў Мінску. Спадар Штанге, канешне, абгрунтаваў гэтае рашэнне тым, што будзе зручна дабірацца з гасцініцы – футбалісты будуць жыць у сталічным гатэлі “Вікторыя” – да стадыёна “Дынама”, а таксама да трэніровачных палёў каля футбольнага манежу:

“Мы змянілі месца трэніровак. Мы будзем бліжэй да Федэрацыі. Мы жадаем стварыць новую атмасферу для гульцоў зборнай, не трэба будзе далёка ездзіць да стадыёна “Дынама”. Усе аб’екты будуць у пяціхвіліннай дасяжнасци”.

Даволі дзіўнае рашэнне, таму што ўсе тры аб’екты знаходзяцца ў розных частках горада. А ў тых жа Стайках усё размешчана побач….

Да таго ж, усе мы памятаем выпадкі, калі нашыя вядомыя гульцы зборнай “гулялі” па кабаках і начных клубах падчас збораў у Стайках. Усё гэта падводзіць да думкі, што перанос месца камандных збораў – гэта толькі адна з умоваў беларускай футбольнай зоркі…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі