Sex Pistols выпускаюць канцэртны DVD

Легендарныя Sex Pistols у хуткім часе пацешаць публіку новым рэлізам – DVD з запісам лепшых момантаў уз'яднальных канцэртаў гурта, якія мелі месца ў лістападзе 2007 года ў лонданскай Brixton Academy. Плануецца, што выданне патрапіць на прылаўкі музычных крам ужо ўлетку гэтага года.

Цікава, што «The Sex Pistols: There'll Always Be An England» стане першым «аўтарызаваным» DVD «Пісталетаў», гэта значыць, выпушчаным з іх згоды і пры іх удзеле. Да запісаў, якія выходзілі раней, музыкі не маюць ніякага дачынення.

Нагадаем, што ў канцы мінулага года Sex Pistols трэці раз у сваёй гісторыі ўз'ядналіся ў арыгінальным складзе – Джон Лайдон (вакал), Стыў Джонс (гітара), Пол Кук (бубны) і Глен Мэтлок (бас), – каб адыграць шэраг канцэртаў у Вялікабрытаніі.

Пасля скандальнага распаду ў 1978-м музыкі збіраліся разам у 1996-м і 2002-м. Па выніках гэтых канцэртаў былі выдадзеныя CD «Filthy Lucre Live» (1996) і «Jubilee» (2002).

Гэтым летам Sex Pistols, якія адсвяткавалі нядаўна свой 30-гадовы юбілей, працягнуць уз'яднальнае турнэ канцэртамі на еўрапейскіх фэстах: вядома, што музыкі выступяць на вугорскім Sziget, польскім Open'er, славенскім Hodokvas і сербскім Exit. Заедуць музыкі і ў Расію: першы выступ «Пісталетаў» на тэрыторыі былога Саюза адбудзецца 25 чэрвеня ў маскоўскіх «Лужніках».

Фота: www.gamestar.hu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі