Серебряная Свадьба. “Laterna Magica”

120523 Agljadacha.mp3

Тое, што другі альбом “Серебряной Свадьбы” стаў своеасаблівым “бэстам”, выглядае цалкам натуральна. Самыя патрэбныя песні прыхільнікам фрык-кабарэ кшталту “Пищевая цепочка”, “Шалашик”, “Я так не люблю тебя” проста мусілі быць запісанымі. І вось мы маем 14 кампазіцый, як кажа Бенька, - 14 розных гісторый з “чароўнага ліхтара”. У “Серебряной Свадьбы” няма нічога аканцэптуальнага. Таму “Laterna Magica”, вядома – гэта канцэптуальнае “пагружэнне ў атмасферу забытых дыяфільмаў, сумных і вясёлых гісторый жыцця”.

У адрозненне ад свайго шчымліва-іранічнага папярэдніка – дыска “Сердечная мускулатура”, “Laterna Magica” вызначаецца падкрэслена сумнай “кабарэшнасцю”. Памятаеце нерашучасць фрык-кабарэ ў пытанні запісу альбома? Маўляў, немагчыма перадаць канцэртны шабаш і пяшчоту “Серебряной Свадьбы” у гуку? Але “Laterna Magica” выпраўляе гэтае меркаванне і дэманструе, што нічога немагчымага не бывае. Апроч дасягнення тонкаэмацыйнага накалу, музыкам даводзіцца шчыльна працаваць з гукам, прычым, вынайсці менавіта фішкі, дзякуючы якім атрымаўся “эфект кабарэ”. Дзеля таго, каб кожная песня была непадобная да іншай, былі выкарыстаныя, напрыклад, стужкавы дылэй з 70-х, хітрыя гукі клавішаў, галасавыя апрацоўкі.

Увогуле, прыдрацца ў “Laterna Magica” няма да чаго – усё вельмі добра. Музыкі кабарэ-бэнда “мяцярэюць”. Відавочна, што цяпер яны могуць сыграць не толькі “так і так”, а “так, так, так і вось так”. А могуць увогуле не граць – што з’яўляецца сапраўдным подзвігам для музыканта. Бенька не перастае захапляць, чараваць, даводзіць да радасці і слёз – усё такое было і ў “Сердечной мускулатуре”.

Стылістычна “Laterna Magica” хавае шмат загагулін. Чаго тут толькі не пачуеш! І боса-нова, і кантры, і панк, і марш, і вяртанне ў “Сердечную мускулатуру” песняй “Я – луна” – нібыта песню забылі ўключыць у мінулы альбом, і любімая Францыя, і кавалак надрыўнай Нямеччыны...

І, вядома, “Чёрная речка”. Яе можна не прыймаць і круціць пальцам ля скроні, маўляў, ну зусім падурэлі – Пушкін! Але гэта новая лепшая песня ў рэпертуары “Серебряной Свадьбы”. Простая і адчайная – “Саша, не ходи!” Вось так, паслухаеш, паслухаеш і чарговы раз падумаеш, які Лайтсаўнд! Вось каго трэба пасылаць на Еўрабачанне!”. А ўвогуле, якое Еўрабачанне, калі ёсць ТАКІЯ песні!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі