Сахашчык расказаў, што рызыкаваў жыццём ва Украіне

Валерый Сахашчык (другі справа ў першым шэрагу) з байцамі роты / t.me/beldesant/

Валерый Сахашчык (другі справа ў першым шэрагу) з байцамі роты / t.me/beldesant/

2 жніўня прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык даваў справаздачу ў Каардынацыйнай Радзе і адказваў на пытанні. Згадаў ён пра дзейнасць ва Украіне 1-й асобнай дэсантна-штурмавой роты (неафіцыйная яе назва — "Беларусь"), якая складаецца з беларусаў і ўваходзіць у склад 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады Узброеных сіл Украіны. Ваюе супраць расійскіх акупантаў пад Мар'інкай на Данбасе.

Па словах Сахашчыка, ён не толькі спрычыніўся да з'яўлення згаданай беларускай роты, але і "выконваў баявыя задачы разам са сваім падраздзяленнем і рызыкаваў жыццём". Гэта пацвярджае ў інтэрв'ю Радыё Свабода адзін з байцоў роты.

Рота мае "пэўную аўтаномнасць". Баявыя задачы для беларусаў вызначае камандаванне брыгады. Іх камандзірам быў беларускі афіцэр з пазыўным "Фенікс", але ён атрымаў цяжкае раненне. Новапрызначаным камандзірам стаў былы беларускі спецназавец.

Структуру роты распрацаваў Валерый Сахашчык, а зацвердзіў камандзір брыгады. У яе ўваходзіць група дроншчыкаў, група медычнай эвакуацыі, штурмавая група, якую ўзначальвае беларус з пазыўным "Рыжы", і група агнявой падтрымкі.

Была ў роты і ўласная аперацыя, дзе беларусы выконвалі галоўную ролю. Штурмавікі зайшлі туды, "куды ніхто не хацеў заходзіць". Аперацыя праводзілася ўначы. Была захопленая варожая пазіцыя і знішчаныя ўмацаванні. У той аперацыі і ўдзельнічаў Сахашчык.

"У Сахашчыка сур’ёзная фізычная падрыхтоўка, — кажа баец. — Ён удзельнічае і ў планаванані аперацый, і ў саміх аперацыях. Ва УСУ [Узброеных сілах Украіны] камандзіры ад камандзіра роты і вышэй не выходзяць на поле бою, яны застаюцца на камандных пунктах і кіруюць боем... Мяркую, што па комплексе вайсковых дысцыплін Сахашчык найлепш падрыхтаваны ў нашай роце. Ён выдатна карыстаецца любой зброяй".

Валерый Сахашчык — былы камандзір брэсцкай 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, у апошнія гады займаўся бізнесам у Польшчы. Пасля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны ён заклікаў беларускіх вайскоўцаў не ўдзельнічаць у вайне на баку РФ.

Сахашчык расказаў, што рызыкаваў жыццём ва Украіне
Валерый Сахашчык (справа) з байцамі роты / t.me/beldesant/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі