Рымашэўскі выступае за хрысціянскую Беларусь і абяцае адмену размеркавання

Кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі ў сваім выступе на дзяржаўным тэлебачанні заявіў пра тое, што бачыць Беларусь краінай, якая будзе жыць паводле хрысціянскіх прынцыпаў. Палітык паабяцаў, што ў выпадку свайго абрання на пост прэзідэнта будзе праводзіць палітыку, скіраваную на падтрымку кожнага чалавека, на хрысціянскія і сямейныя каштоўнасці. Гэта будзе прабеларуская палітыка, арыентаваная не на Захад ці на Ўсход, а на саму Беларусь. Галоўнай праблемай сённяшняй Беларусі Віталь Рымашэўскі бачыць карупцыю. З яго словаў, карупцыя ў краіне дасягнула 100%. Каб спыніць карупцыю, Рымашэўскі прапануе зменшыць колькасць чыноўнікаў утрая. Кіраваць буйнымі прадпрыемствамі і дзяржаўнымі арганізацыямі трэба прызначыць прафесіяналаў і хрысціянаў, ці проста людзей са станоўчымі асабовымі якасцямі.

Таксама сустаршыня “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” прапануе аддаць у пенсійны фонд па 20% буйных прадпрыемстваў, кшталту “Беларуськалія” і такім чынам істотна павялічыць пенсіі. Кандыдат на прэзідэнта прапанаваў стварыць спрыяльныя ўмовы для бізнэсу. Ён абяцае зрабіць стаўкі па крэдытаў не болей за 3%, адмяніць мыта на ўвоз аўтамабіляў з Еўропы, істотна падвысіць заробкі.

Сярод іншых абяцанняў — адмена размеркавання для маладых спецыялістаў, вяртанне храмаў вернікам і вынясенне казіно ды забаўляльных установаў па-за межы гарадоў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі