“Rocko-Go” і беларускі драйв

Фестываль “Rocko-Go”, які адбыўся напрыканцы чэрвеня недалёка ад Познані, сабраў гурты з Польшчы, Беларусі, Літвы і Расіі. Пасля музычных сэтаў гурты з Літвы, Расіі і Беларусі падзяліліся з Еўрарадыё сваімі ўражаннямі ад фэсту, распавялі пра творчае жыццё і сваё стаўленне да праблем музычнай рэчаіснасці.
“...сапраўдны эмацыйны драйв...”


Беларускі гурт “B:N”на сцэне “Rocko-Go” сваім складам нагадваў гурт "Nirvana". Калегі па цэху, каманда “IQ48”, крычалі “Курт! Крыс!”, чым, вядома, падбадзёрвалі “бээншчыкаў”, бо, на жаль, гледачоў на фэсце было не шмат.




Пасля выступу Алесь Лютыч, франтмэн гурта, адказаў на некаторыя пытанні Еўрарадыё.

ЕРБ: Ну, як выступ, спадабаўся?

Алесь Лютыч (А.Л.): Нягледзячы на тое, што сёння мы выступалі без аднаго гітарыста, бо так атрымалася, што ён не атрымаў польскай візы, адыгралі добра, без усялякіх лаж, весела і, дарэчы, народ падтрымліваў!

ЕРБ: А не збянтэжыла вас малая колькасць публікі?

А.Л.: У сувязі з гэтым канцэрт атрымаўся кшталту рэпетыцыі...

ЕРБ: Ці часта даводзіцца граць гурту “B:N” на падобных пляцоўках?

А.Л.: Так, некалькі разоў было, што на ўвесь Оpen air публікі прыйшло 50-60 чалавек.

ЕРБ: Наколькі залежыць якасць выступу ад колькасці прысутных на канцэрце?

А.Л.: Ад гледача залежыць толькі энергетыка. А калі іх шмат, калі яны цябе падтрымліваюць, пляскаюць ў далоні, свісцяць – гэта яшчэ больш заводзіць, атрымоўваецца сапраўдны эмацыйны драйв!




ЕРБ:
Лета – гарачы фестывальны час. Наколькі вы занятыя канцэртамі ў гэты перыяд?

А.Л.: Так атрымалася, што ў чэрвені мы ўжо адыгралі чацвёрты канцэрт. На жнівень запланаваны 3 канцэрты. А ліпень пакуль у нас вольны...

ЕРБ: Можна на мора паехаць!

А.Л.: Ой, вельмі хачу на мора! Можа і атрымаецца.

ЕРБ: А як звычайна адпачывае гурт “B:N” ?

А.Л.: (Смяецца) Па ўсякаму адпачываем. Напрыклад, недалёка ад Бярозы ёсць возера Сельца. Ездзім туды смажыць шашлыкі, спяваць песенькі пад гітару і акардыён...




ЕРБ:
Што плануеце здзейсніць у творчым плане? Пішыце новы альбом, здымаеце кліпы? Чым займаецеся?

А.Л.: Мы запісалі тры новыя песні: адну сумесна з Лявонам Вольскім, другая песня называецца “Мэты, мары” і трэцяя – кавер на “Гузік” гурта “Нейра Дзюбель”.

ЕРБ: А чаму менавіта гэтая песня лягла вам на сэрца, за што вы яе абралі?

А.Л.: Проста вельмі цікава было паспрабаваць зрабіць з рэгі сцёбны н’ю-метал. Здаецца атрымалася.

ЕРБ: А Саша Кулінковіч ужо чуў гэты шэдэўр?

А.Л.: Не, Саша яшчэ не чуў, але чуў ягоны гітарыст Віталь Абрамовіч, і яму вельмі спадабалася. Ён хоча, каб мы перадалі дыск Сашу. Трэба будзе неяк гэта зрабіць....




ЕРБ:
Альбом новы, часам, не рыхтуеце?

А.Л.: Рыхтуем! На восень плануем запіс альбома, а на пачатак наступнага года ягоны выпуск. Ну, а як атрымаецца – пабачым!


Папулярная музыка ў Літве – “папса”


Літоўскі гурт “The Skies” сабраў на пляцоўцы “Rocko-Go”, мабыць, самую найвялікшую колькасць гледачоў. Ім проста пашанцавала з часам выступу і з дажджом, які сагнаў натоўп пад дах бліжэй да сцэны. Таму каманда смела адыграла 45-хвілінны канцэрт і нават выйшла “на біс”, прэзентуючы слухачам чарговы рокава-абстрактны твор. Пра тое, чым адметны гурт “The Skies” і чым жыве літоўскі рок распавёў пасля выступу лідэр калектыву Яніс Чурліёніс.

ЕРБ: Стаміліся?

Яніс Чурліёніс( Я.Ч.): Так!

ЕРБ: Як толькі ваш гурт выйшаў на сцэну, пачаліся адчувальныя праблемы з гукам. Гэтыя хібы залежалі ад гукарэжысёра, ад арганізатараў ці ад вас?

Я.Ч.: У прынцыпе, ад гукарэжысёра і апаратуры.

ЕРБ: Увогуле, наколькі актыўна гастралюе ваш гурт па замежжы?

Я.Ч.: Ну мы гралі ў Расіі на вялікім міжнародным фэсце, які сабраў 35 тысяч чалавек, гралі ў Нью-Ёрку, дзе атрымалі прыз як лепшы міжнародны гурт, гралі ў Нямеччыне, Латвіі, Эстоніі... шмат дзе.

ЕРБ: Ці ваш гурт вядомы ў Літве?

Я.Ч.: У прынцыпе нас ведаюць. Мы маем сваё кола фанаў, якія ходзяць на нашы канцэрты, і мы збіраем поўныя залы.

ЕРБ: Распавядзіце, што ўяўляе сабою папулярны гурт у Літве? Я так разумею, гэта гурт, які выдае дыскі, збірае залы, удзельнікаў якога пазнаюць на вуліцах? Ці ёсць яшчэ нейкія крытэры?

Я.Ч.: Так, канешне, менавіта па гэтых крытэрах выяўляецца папулярны гурт. Аднак, заўважу, што папулярнай музыкай у Літве ў асноўным лічыцца так званая “папса”...

ЕРБ: О! Так як і паўсюдна. А ў Літве гэта звязана з савецкім мінулым ці еўрапейскай будучыняй?

Я.Ч.: На жаль, з савецкім мінулым (смяецца).

ЕРБ: Ну, а літоўскі рок мае ўсё-такі нейкія перспектывы?

Я.Ч.: Калі казаць пра наш гурт – то, вядома, так. Некаторыя гурты таксама іх маюць.

ЕРБ: А вашы перспектывы ў чым, раскажыце?!

Я.Ч.: Перспектывы розныя. Зараз будзем запісваць альбом з вядомым Джонам Янгам – клавішнікам Боні Тайлер, будзем таксама запрашаць да супрацоўніцтва Клайда Нолэна (гурты Pendragon і Irena). Я лічу, што цяпер мы стаім на шляху, які вядзе ў музычны рынак.




ЕРБ:
Дарэчы, у Літве рок – камерцыйная музыка?

Я.Ч.: Не, не камерцыйная. Хоць мы і зарабляем грошы рок-музыкай, але гэта не такія вялікія грошы.

ЕРБ: На ваш погляд, якім жа чынам можна дасягнуць заробкаў музыкай у пост-савецкіх краінах?

Я.Ч.: Гэта залежыць шмат ад чаго: рэклама, добрая ігра і творы... Аднак галоўны крытэр – праца.

ЕРБ: Якім чынам у вас атрымалася завязаць кантакт з клавішнікам Боні Тайлер і нават дамовіцца на сумесны запіс?

Я.Ч.: Мы сябры!

ЕРБ: Ого! Можа маеце нейкі смешны выпадак, які тычыцца вас і вашых зорных сяброў?

Я.Ч.: Я раскажу пра не вельмі смешны выпадак. Калі Джон Янг і Irena ехалі да нас у Літву, яны патэлефанавалі мне з Лондана і паведамілі, што іх прозвішчаў няма ў спісе пасажыраў. А праблема была ў тым, што адна дура з Літвы пераблытала месяцы, напісаўшы замест ліпеня чэрвень! Вось гэта была нясмешная гісторыя!

ЕРБ: І чым у выніку скончылася гэтая нясмешная гісторыя?

Я.Ч.: Вядома, хэпі-эндам!

ЕРБ: Слухачы Еўрарадыё чакаюць нейкага звароту ад вас!

Я.Ч.: Прывітанне! Дзякуй! Жыве Беларусь! Гэта быў гурт “The Skies”.


“...музыка, якая з’яўляецца менавіта музыкай...”





“Кафтан Смеха”
- расійскі гурт, якому цяжка знайсці аналаг нават у краінах Еўропы. Гурт спалучае ўсемагчымыя музычныя стылі і выкарыстоўвае мноства інструментаў, уласцівых не толькі рок-музыцы, а таксама робіць тэатралізаванае шоў з сучаснымі тэхнічнымі эфектамі...

У перадканцэртным рэлаксе за куфлем піва Андрэй Якушаў – дырэктар гурта “Кафтан Смеха” і адзін з арганізатараў вядомага расійскага фэсту “Пустые холмы” некалькі здзівіў Еўрарадыё выдатным веданнем беларускай музыкі. А яшчэ расказаў, што спрабаваў дапамагчы фэсту “Rocko-Go”з рэкламай і распавёў пра сваё бачанне сапраўднай музыкі, якая з’яўляецца самамэтай фэсту “Пустые холмы”.




Андрэй Якушаў(А.Я.):
Месяцы 2-3 таму нас запрасілі на “Rocko-Go”. Вядома, што за такі час можна было зрабіць сур’ёзную рэкламу. Мы самі спрабавалі займацца рэкламай гэтага фэсту, аднак гэта дастаткова складана ажыццявіць з іншай краіны... Такое жыццё. А ў астатнім, што тычыцца арганізацыі, усё больш-менш добра... Магу сказаць, што на фэсце дастаткова прыстойны гук, што для нас вельмі істотна, трывалае светлавое абсталяванне, вялікая сцэна....

ЕРБ: Маючы непасрэднае дачыненне да арганізацыі фэсту “Пустые холмы” і запрашаючы на яго беларускія гурты, каго з іх вы маглі б адзначыць?

А.Я.: Увогуле, я дастаткова добра знаёмы з беларускай сцэнай, дзякуючы фэсту “Пустые холмы”. Дзякуючы гэтаму фестывалю гурты з Беларусі паступова з’яўляліся ў Маскве, там яны рабіліся вядомымі. Першым такім адкрыццём стаўся гурт “Нагуаль”, пазней з’явіўся “Гурзуф”, у мінулым годзе адкрыццём фэсту была “Серебряная свадьба” і ў гэтым годзе “ДетиДетей”, якія ўпершыню прыехалі ў Расію з такім вялікім канцэртам і выступілі вельмі паспяхова. Я магу сказаць, што беларуская сцэна вельмі добра цяпер прадстаўлена ў Маскве і мае нядрэнныя поспехі...

ЕРБ: Чамусьці ўсе вышэй названыя беларускія гурты рускамоўныя. На ваш погляд, рускамоўныя гурты з Беларусі больш цікавыя расійскаму гледачу менавіта з-за мовы?




А.Я.:
Я не лічу, што справа ў мове. Хутчэй за ўсё справа ў якасці матэрыялу. Магчыма, калі б беларускамоўныя гурты былі б хоць колькі прадстаўленыя ў Расіі, яны мелі б поспех. Мы ж можам ўспомніць поспех у 70-я гады гуртоў “Песняры” і “Сябры”, якія спявалі на беларускай мове і цудоўна прымаліся ў Расіі. Так што справа не ў мове, а ў тым, што павінен быць нехта, хто будзе дапамагаць гэтым гуртам удзельнічаць у нейкіх фэстах, канцэртах, дзе была б адэкватная публіка, якая цікавіцца не тымі музычнымі накірункамі, што прадыктаваныя масавай культурай, а нечым самабытным і незвычайным. Тады, безумоўна, і этнічная музыка, і гурты, якія граюць цікавую і нестандартную музыку знойдуць свайго гледача.

ЕРБ: Як пазіцыянуе сябе гурт-тэатр “Кафтан Смеха” у расійскім так званым шоў-бізнесе?

А.Я.: Шчыра кажучы, мы дагэтуль не разумеем, хто наш глядач, таму што падобнага фармату больш няма нідзе. Гурт існуе на стыку розных жанраў і вымушаны шукаць людзей, якіх цікавіць нешта, што не знайшло адлюстравання ў раскручаных жанрах, аднак разам з тым гэтыя людзі павінны быць адкрытымі да новага. Як высветлілася, такіх людзей шмат у Літве, таму там наш гурт вельмі запатрабаваны...




ЕРБ:
У Беларусі масавая культура запаланіла амаль цалкам усю музычна-інфармацыйную прастору...

А.Я.: У Расіі, калі шчыра, цяпер існуе вялікая праблема з масавай культурай, вельмі адчувальным з’яўляецца ўплыў радыё- і тэлеканалаў, якія проста прадзюсуюцца буйнымі выдаўцамі кампакт-дыскаў, буйнымі прадзюсерамі і насаджваюць поп-фармат, прымушаюць слухачоў слухаць менавіта тую музыку, якая ім прыносіць грошы... Аднак мне здаецца, што сітуацыя паціху мяняецца. Магу адзначыць, што мы, арганізатары фэсту “Пустые холмы”, не чакалі, што фестываль, які праводзіўся шосты раз, збярэ 35 тысяч гледачоў. Па нашых жа разліках павінна было прыехаць не больш за 20 тысяч! Пры гэтым фэст амаль не мае ніякай рэкламы акрамя, мабыць, “сарафаннага радыё”. Тым не менш, вядома, укладаюцца вельмі вялікія намаганні ў яго арганізацыю, вялікія намаганні, каб правесці яго на належным узроўні, каб гэты фэст быў па якасці для гледачоў лепшым, чым такія брэндавыя фэсты, як “Нашествие”, напрыклад. “Пустые холмы” – душэўны фэст, гэта імпрэза людзей, якім цікавыя стасункі паміж сабой і музыка, якая не цісне. Музыка ў дадзеным выпадку з’яўляецца самамэтай, і ўсё наваколле падпарадкоўваецца гэтай ідэі. І сёлетнія 35 тысяч гледачоў – выдатны паказчык таго, што мы робім, што не ёсць радыё-фарматам у звыклай фармулёўцы... Гэта музыка, якая з’яўляецца менавіта музыкай. І выдатна, што людзі зараз шукаюць такую музыку. І я лічу, што структурам, якія займаюцца выпускам дыскаў і радыёстанцыям варта звярнуць увагу на гэта, таму што дастаткова вялікі сігмент слухачоў арыентаваны на гэты “нефармат”...




“...мы калбасімся для гледачоў і для сябе...”




Гурт “IQ48” сапраўды “даў жару” на “Rocko-Go”. Можа таму і ехалі “здаровыя лосі” дадому вясёлыя і з поўнай упэўненасцю зробленай справы “на выдатна”.

Еўрарадыё прапануе вытрымкі жартоўнай размовы з хлопцамі...

Аляксандр Ракавец: Ой, нармальна там было! Пажылі ў пансіянаце для прыстарэлых, кавы папілі, піўка... Але калі пасярод ночы я захацеў набыць сабе піва, а аказалася, што піва там не прадаецца, то вырашыў, што на старасць гадоў не прыеду жыць у такі “пенсіянат”! А ўвогуле адыгралі добры канцэрт!




Кастусь Калеснікаў:
Я вельмі задаволены, што на наш выступ прыйшлі людзі. Яны актыўна пляскалі ў далоні, крычалі “брава!”, хоць можа і не ўсе з іх разумелі сэнс нашых песень. Аднак мы іх узялі сваімі гарачымі, экспрэсіўнымі рукамі!

Яўген Бузоўскі(Бузза): Наш гурт адрозніваецца тым, што мы з задавальненнем паіграем для сябе ў чарговы раз!




Аляксандр Ракавец:
Мы калбасімся для гледачоў і для сябе. Калі гледачоў мала - калбасімся для сябе! Мы так нармальна адкалбасіліся на сцэне “Rocko-Go”. Вось толькі “бочка барабанная” у Антохі ўвесь час ад’язджала! Але Антоха нармальна з ёй справіўся! Як ты гэта зрабіў?

Антон Мацулевіч: Я пасадзіў яе на цягнік і яна паехала.

Аляксандр Ракавец: У Мінск! Так што сустракайце Антохіну бочку ў Мінску на вакзале ў 17:30. пяты вагон. Цягнік Познань-Асіповічы-Мінск...




Алёна Скарабагатая
– дырэктарка гурта “IQ48” падсумавала вышэй сказанае сур’ёзна.

Алёна Скарабагатая: Канцэрт гурта прайшоў нармальна. Нават такія канцэрты патрэбныя, таму што гэта, перш за ўсё, канцэртны вопыт. Чым больш гурт грае, тым больш ён сыграны. А па-другое, заўсёды трэба мець досвед выступаць менавіта перад малой колькасцю гледачоў, бо сапраўдны прафесіянал павінен выйсці і іграць нават для аднаго свайго фаната!




Фота: www.biaznazvy.com
www.generation.by
l-a-s-a-n-a.livejournal.com
www.avantmusic.ru
www.mirtesen.ru
www.kinoteatrdoc.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі