Занкавец: Пару тыдняў сораму — а пасля зноў скажуць, што ўсё нармальна

На чэмпіянаце свету па хакеі Беларусь заняла сёмае месца ў групе, набраўшы ў сямі гульнях толькі 3 ачкі.

Былы трэнер зборнай Эдуард Занкавец не здзіўляецца такім вынікам беларускіх хакеістаў.

Эдуард Занкавец: “Калі паглядзець на выступ нашых маладзёжных зборных, то яны ўжо даўно не гуляюць у групе А. Было б дзіўна, калі б галоўная каманда змагалася за месца на п’едэстале, а маладзёжныя каманды гулялі ў групе В. Таму ўсё ўзаемазвязана. Калі няма падрастаючага пакалення, ёсць праблема з лініяй абароны”.

У той жа час спецыяліст не верыць, што ў беларускім хакеі бліжэйшым часам нешта зменіцца.

Эдуард Занкавец: “Думаю, зараз, безумоўна, будзе чарговы год, калі выдумаюць нейкую прычыну, знойдуць каго-небудзь адказнага за гэту няўдачу. А далей усё зноў пойдзе па-старому. Будуць увесь сезон казаць, што ўсё нармальна. Пасля пару тыдняў сораму, можа і ганьбы, а пасля зноў тое самае”.

Другі былы галоўны трэнер зборнай Міхаіл Захараў ацэньваць гульню каманды не спяшаецца. Хоць і мае да яе шмат пытанняў.

Міхаіл Захараў: “Шчыра кажучы, цяжка мне нешта сказаць, трэба прааналізаваць. Там столькі пытанняў, і вядомых мне, што тут толькі адны думкі”.

Міхаіл Захараў не ведае, чаму за апошнія гады так “скацілася” зборная. Асабліва на фоне Швейцарыі, Францыі, Германіі, Нарвегіі і Даніі. Трэнер кажа, што зараз трэба думаць аб тым, як трапіць на Алімпіяду.

Галоўны рэдактар “Прэсбола” Уладзімір Беражкоў увогуле не заўважыў у дзеяннях беларускіх хакеістаў гульні.

Уладзімір Беражкоў: “У нашай зборнай зараз фактычна няма нейкай пэўнай тактыкі. Тактыка простая: выходзіць першае звяно, якое складзена з гульцоў расійскіх клубаў КХЛ, а таксама клубаў НХЛ. Яно гуляе ў ціск, гуляе ў прыгожы хакей, яно забівае галы. Пасля выходзіць звяно мінскага “Дынама” — і сітуацыя змяняецца. Мы гуляем у сваёй зоне, адбіваемся, мы безабаронныя, бездапаможныя і выглядаем вельмі нікчэмна”.

Эксперт адзначае дэградацыю беларускага хакея і кажа, што тыя велізарныя сродкі, якія дзяржава выдзяляе на развіццё гульні, выкарыстоўваюцца не па прызначэнні ці проста неэфектыўна.

“Мы 8 гадоў распавядаем адзін аднаму казкі. У нашым хакеі працуюць вельмі таленавітыя казачнікі, якія добра праядаюць грошы, а ўзамен, так бы мовіць, добра і прыгожа распавядаюць казкі, у якія, на жаль, вераць нашы кіраўнікі, нашы балельшчыкі. Мне, напрыклад, відавочна, што наш хакей дэградуе”, — дадае Беражкоў.

Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Яўген Ворсін вынікам нашай зборнай таксама незадаволены. Але гульня каманды яго ўсё ж такі парадавала.

Яўген Ворсін: “Вельмі добра пачалі з фінамі, вельмі добра скончылі з канадцамі. Учора з французамі, у прынцыпе, таксама дамінавалі ўсю гульню, але вынік не атрымаўся. Быў выйграны матч у казахаў, хаця па змесце быў не вельмі добры. Усё астатняе як бы эпізадычна”.

Тым часам па выніках апытання на сайце “Прэсбола” 35% балельшчыкаў выказалася за адстаўку кіраўніцтва федэрацыі і трэнераў зборнай пасля гэтага чэмпіянату свету. Але Ворсін гэта ніяк не каментуе

Яўген Ворсін: “Мала што пішуць балельшчыкі, вось прыедзем — і будзем разбірацца”.

Нагадаем, за ўвесь турнір наша каманда выйграла толькі ў казахаў і на валасок заставалася ад вылету ў ніжэйшы дывізіён. Паводле колькасці набраных ачкоў (3) Беларусь заняла 14-е месца з 16 каманд. Горш за нас — толькі Італія (2) і Казахстан (1). За 7 гульняў мы забілі 11 галоў, а прапусцілі — 23.

Фота: eurosport.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі