За год кошты ў ВНУ выраслі больш чым на 2 мільёны

З 2 жніўня студэнты беларускіх ВНУ будуць вучыцца па новых коштах. Агулам цана на навучанне ўзнялася не больш чым на 20%. Самая дарагая спецыяльнасць — “Стаматалогія” у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Каб вучыцца лячыць зубы, студэнты-платнікі мусяць траціць амаль па 8 мільёнаў у год, што на 500 тысяч даражэй, чым летась. Пры гэтым нават на платным аддзяленні ўжо сёння конкурс — 2 чалавекі на месца.

“Паводле дадзеных на 12 гадзінаў на Стаматалагічны факультэт у нас падалі 120 заяваў, а месцаў усяго 60. Гэта на платным аддзяленні”, — агучвае колькасць жадаючых стаць стаматолагамі супрацоўніца прыёмнай камісіі універсітэта.

Будучыя зубныя дактары з замежжа плацяць за навучанне ў два разы больш за беларусаў — каля 17 мільёнаў рублёў (3570 долараў)!

Ёсць і такія спецыяльнасці, дзе на платным пакуль наогул няма конкурсу.

“Пакуль у нас няма конкурсу на Медыка-прафілактычнай справе. Відаць, пакуль людзі яшчэ прыглядаюцца”, — гавораць у камісіі.

Студэнтам гэтага факультэта давядзецца плаціць 6 мільёнаў 200 тысяч у год — для беларусаў і 3270 долараў — для замежнікаў.

У БДУ самы дарагі факультэт — Міжнародныя адносіны. Навучанне для платнікаў тут каштуе амаль 7,5 мільёнаў. Летась гэтая лічба была менш на мільён. Для замежнікаў кошты засталіся мінулагоднія.

“У нас кошты не змяніліся за мінулы год. Сэнсу ўздымаць вышэй? Мы даб’емся адтоку студэнтаў. 3950 долараў найбольш прэстыжныя прафесіі: "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права". Найбольш бюджэтны варыянт — навуковыя спецыяльнасці: на Гістарычным, на Філалагічным факультэтах”, — распавялі на факультэце Міжнароднага супрацоўніцтва БДУ.

Нягледзячы на высокія кошты, на "Міжнародных адносінах" ужо ёсць конкурс сярод платнікаў.

Паўтара чалавека на месца — і гэта яшчэ не мяжа.

“На канец учорашняга дня там было паўтара чалавека на месца. Пачынаюць расці прахадныя балы. Ужо дасягаюць 270, і гэта яшчэ не канец”, — распавядае адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

Летась без конкурсу прайшло залічэнне на платнае на Механіка-матэматычным факультэце, на Факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, на Фізічным факультэце. Магчыма, сёлета гісторыя паўторыцца, кажа Малафееў і дадае, што аплата на гэтых факультэтах цяпер крыху больш за 6 мільёнаў у год.

У БНТУ самыя дарагія спецыяльнасці вызначылі ў трэцюю групу. Сюды ўвайшлі Архітэктурны, Энергетычны факультэты, Факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі і Факультэт тэхналогіяў кіравання і гуманітарызацыі.

“У нас 3 групы спецыяльнасцяў. Першая група — 6 мільёнаў 186 тысяч. Другая група — 6 мільёнаў 316. І трэцяя група — 6 мільёнаў 428 тысяч рублёў”, — агучвае новыя кошты на навучанне супрацоўнік БНТУ.

Летась гэтыя кошты былі ніжэй дзе на 800 тысяч, а дзе на мільён.

Для замежнікаў кошты вышэй у разы. За навучанне гасцям прыйдзецца плаціць ад 1900 да 1400 еўра у залежнасці ад факультэта.

Апошні раз кошты ў ВНУ падымалі ў снежні 2010 года. Тады навучанне, напрыклад, у БДУ падаражэла больш чым на 25%. І калі мінулым летам “міжнародныя адносіны” каштавалі 5,3 мільёны ў год, то цяпер за іх давядзецца заплаціць на два мільёны больш.

Фота: oko.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі