Хто заплаціць штраф за парушэнне Указа аб інтэрнэце?

111227 Svjardlou Inet.mp3

6 студзеня 2012 года ў Адміністрацыйным кодэксе (КаАП) упершыню з'явіцца слова “інтэрнэт”. Еўрарадыё вырашыла разабрацца, каго змогуць пакараць паводле новага артыкула 22.16, а каго — не, і хто будзе выпісваць штрафы.

Крыніца ў МУС паведамляе нам, што скласці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжанам новым артыкулам КаАП, мае права кожны ўчастковы міліцыянт. Каго будзе датычыцца артыкул 22.16, мы пытаемся ў некалькіх юрыдычнах кампаніях запар. Але каментаваць новую норму пакуль што ніхто не адважваецца:

“Калі мы ў пятніцу азнаёміліся з гэтым усім… Не вельмі-та гэта пакуль што зразумела. Юрысты-гаспадарнікі рэдка маюць справу з інтэрнэт-злачынствамі. Таму каментаваць нешта пакуль што складана. Лепш пачакаць, пакуль якая-небудзь практыка пойдзе…”

Але, калі “практыка пойдзе”, для тых, па кім яна пойдзе, чакаць будзе ўжо позна. Гэта добра ўсведамляюць і ў беларускім рэкламным агенцтве RG Media, якое прадае рэкламу, у тым ліку, на замежных сайтах. Cказаць, што зменіцца ў працы агенцтва пасля 6 студзеня, у RG Media пакуль не могуць:

“Пакуль што гэта ўсё выглядае вельмі незразумела. Мы бы і радыя як-небудзь пракаментаваць, але і самі не ўяўляем, як гэтая норма будзе нас тычыцца”.

Калі ўспрымаць артыкул 22.16 літаральна, аштрафаваць беларускую кампанію можна будзе не тое, што за рэкламу, а нават за профіль у Facebook. Але гендырэктар УП “Надзейныя праграмы” Юрый Зісер сцвярджае, што караць будуць толькі тых, хто не перавёў свае сайты на беларускі хостынг:

“Гаворка пра тое, што калі арганізацыя беларуская, дык і хостынг у яе мусіць быць у Беларусі. І штраф плаціць арганізацыя, калі яна за паўтара года дзеяння Указа №60 не парупілася пра перанос хостынгу ў Беларусь”.

Эксперт пагаджаецца з тым, што шматзначным тэкст артыкула 22.16 робіць якраз адсутнасць слова “хостынг”. Але зрабіць з гэтым нічога нельга.

“Азначэння слова “хостынг” у беларускім заканадаўстве не існуе”, — канстатуе Юрый Зісер.

Пры дапамозе нескладанага праграмнага забеспячэння Еўрарадыё знаходзіць некалькі арганізацый, якія “трапляюць” пад дзеянне артыкула 22.16. Гэта, напрыклад, “Мінскі завод вінаградных він”, інтэрнэт-крама gpspro.by і нават гігант айчыннага аўтапрама — МАЗ.

 

 

 

Але Юрый Зісер сумняваецца ў тым, што МАЗ калі-небудзь аштрафуюць за парушэнне Указа №60:

“Ім трэба, бо ў іх там рынак. Усё ж такі МАЗ аказвае паслугі, у асноўным, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Таму тое, што сайт МАЗа ў Расіі, — гэта правільна. Справа нават не ў эканоміі на замежным трафіку, а ў тым, што сайты, фізічна размешчаныя ў Расіі, хутчэй адкрываюцца з Расіі. Я ўжо не кажу пра тое, што да МАЗа ніхто чапляцца не будзе”.

На першы погляд, па-за законам апынаецца таксама праца замежных пошукавікаў: Google ды “Яндэкс”. Іх серверы, паслугамі якіх карыстаюцца грамадзяне Беларусі, знаходзяцца далёка за яе межамі. Супрацоўнікі “Яндэкса” шчыра прызнаюцца Еўрарадыё, што вельмі хацелі б, каб іх сайт yandex.by не застаўся ў Беларусі па-за законам. Але расказаць, як гэта зрабіць, пакуль што не могуць.

Што праўда, на думку Юрыя Зісера, той жа Google, артыкул 22.16 не парушае.

“Пошукавік Google… Паслугі ж аказвае сам Google, на сваёй тэрыторыі, то бок на тэрыторыі ЗША. Таму яго гэта не датычыцца”.

Тое самае і наконт рэкламы беларускіх кампаніяў, якая адлюстроўваецца на замежных сайтах і ў сацыяльных сетках. Напрыклад, кірылічным сегментам “Жывога журнала” валодае расійскае прадпрыемства SUP. Нашае заканадаўства не забараняе ёй аказваць паслугі беларускім кампаніям на тэрыторыі Расіі.

Такім чынам, грувасткая фармулёўка не мусіць закрыць беларускім кампаніям доступ ні да прасоўвання сваёй прадукцыі ў сацыяльных сетках, ні да размяшчэння інтэрнэт-рэкламы, ні да карыстання замежнымі пошукавікамі. Натуральна, калі ўказ не будзе трактаваны інакш.

Нагадаем, артыкул 22.16 Адміністрацыйнага кодэкса сфармуляваны наступным чынам:

“Парушэнне патрабаванняў па выкарыстанні нацыянальнага сегмента сеціва Інтэрнэт.

Ажыццяўленне дзейнасці па рэалізацыі тавараў, выкананні прац, аказанні паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў, якія маюць падключэнне да сеціва Інтэрнэт, не размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі і (ці) незарэгістраваных у вызначаным парадку, – цягнуць за сабой пакаранне індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы штрафам у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі