Алімпійскую чэмпіёнку Юлію Несцярэнку пазбавілі заробку

7-8 ліпеня ў Гродне адбыўся адкрыты чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы. Алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка ў стометроўцы аказалася толькі другой, прабегшы дыстанцыю толькі за 11,58 секунд. Між тым нарматыў у міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый — 11,29 секунд. Бліжэйшы ж чэмпіянат свету адбудзецца з 27 жніўня па 4 верасня ў Паўднёвай Карэі. Юлія Несцярэнка, якой прапанавалі выступіць у эстафеце 4х100, адмовілася ад удзелу.

Трэнер Юліі Дзмітрый Несцярэнка кажа, што за апошнія гады спартсменка вельмі стамілася:

“Юля не паедзе на чэмпіянат свету. Яна хоча адпачыць і рыхтуецца да Алімпіяды. Ужо 8 гадоў працы без перапынку. У яе добрыя вынікі на трэніроўках, але раз на тыдзень. А праходзіць пару дзён — і зусім іншыя вынікі, таму што не паспявае ўзнаўляцца. Ёй яшчэ летась паставілі дыягназ “хранічнае ператамленне”.


Зараз Юлія знаходзіцца ў Брэсце і да канца лета будзе адпачываць. Раней Дзмітрый Несцярэнка скардзіўся, што яго падначаленая атрымоўвае ад Міністэрства спорту сімвалічны заробак. Нядаўна пазбавілі і гэтага.

Дзмітрый Несцярэнка: “У яе зараз ваенны заробак і болей нічога няма. Хто атрымоўваў заробак у арміі і ў міністэрстве, пазбавіўся міністэрскага заробку месяца паўтара таму. У нашай краіне сказалі, што нельга мець два заробкі. Зараз Юля атрымоўвае 1,5 мільёна рублёў”.

Праз адмову Несцярэнкі ўзнікла пытанне, ці будзе беларуская каманда ўвогуле ўдзельнічаць у эстафеце на чэмпіянаце свету. Але ў нашай Федэрацыі лёгкай атлетыкі Еўрарадыё запэўнілі, што беларуская каманда возьме ўдзел ў эстафеце.

Генеральны сакратар Федэрацыі лёгкай атлетыкі Таццяна Лядоўская каментуе вынікі чэмпіянату Беларусі.

“Хацелася б, каб у алімпійскі год дзяўчыны паказвалі больш хуткія секунды. Ну, а ў доўгім спрынце дзяўчыны павыходзілі з дэкрэтных адпачынкаў, чатыры з пяці сталі мамамі. Але вяртанне ў вялікі спорт у іх ідзе даволі паспяхова. Яшчэ ёсць адзін год, каб паказаць добры вынік. Але ў асабістых відах спорту па кароткім спрынце вынікі слабыя”.


Да галоўных спаборніцтваў сезону застаецца паўтара месяцы. Каманда будзе рыхтавацца ў Стайках і Мінску. Паводле Таццяны Лядоўскай, замежных збораў не плануецца, бо трэба эканоміць валюту. Але ўмовы падрыхтоўкі ўсіх задавальняюць.

На пытанне, ці паедзе Несцярэнка на чэмпіянат свету, Лядоўская адказала, што ў спартсменкі ёсць такое жаданне.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі