Яўген Валошын: Раней я пісаў музыку, а тут захацелася тэкстаў!

120511 BackStage 1.mp3

 

120511 BackStage 2_0.mp3

 

120511 BackStage 3.mp3

 

… комплексы – гэта і ёсць несвабода…


Еўрарадыё: Дэбютны альбом гурта HandmadE мае назву “Demo. The music from Unfreedom”. З яе вынікае, што і ў так званай беларускай “несвабодзе” можа нараджацца цнатлівая музыка?

Яўген Валошын: Мы запісвалі гэты альбом у даволі экстрэмальных умовах: гэта была мая памылка ў нейкім сэнсе – няправільная расстаноўка прыярытэтаў. Але гэта праўда, што бюджэт кожнай песні ў сярэднім не выходзіў за межы 50 долараў. Таму што запісвалі мы нахаляву ў студыі БДУ, зводзілі за невялікія грошы – свае людзі дапамагалі гэта рабіць. І рабілі мы гэта даволі доўга. Назвалі “дэма” – усё-такі якасць не самая высокая - для таго, каб гэты альбом арыентаваўся на замежную аўдыторыю ў тым ліку, і людзі маглі паслухаць і падумаць: “Трасца мне ў бок! Гучыць як з дупы, а песні нібыта харошыя”. “The music from Unfreedom” – гэта не азначае, што ў нас ў Беларусі несвабода, і што прама мы з-пад міліцэйскай дубінкі ці з камеры пісалі гэтыя песні. Гэта больш тычыцца несвабоды ў сабе. Таму што паўсюль ты можаш адчуваць сябе ўнутрана свабодным чалавекам, але многія гэтыя песні нараджаліся з-за комплексаў. А комплексы – гэта і ёсць несвабода. Вось адкуль выплыла гэта назва – то бок, яна не зусім палітычная, хоць пэўны падтэкст ёсць.

Еўрарадыё: Ці плануеце вы завязаць з “хэндмэйдам” і запісаць якасны альбом?

Яўген Валошын: Мы будзем да гэтага імкнуцца. Трэба ўкладаць большыя грошы ў запіс. І зараз ў маёй дзейнасці акцэнт, прыярытэт будзе пастаўлены ў многім на гурце. Таму што будучы ў Коста-Рыцы я ўбачыў, што попыт ёсць і цікаўнасць ёсць: не магу зараз усёй інфармацыі раскрываць – таму што ўсё яшчэ віламі па вадзе пісана. Але быў бы някепскі варыянт, калі б знайшоўся прадзюсар – кампетэнтны чалавек…

Еўрарадыё: Ну, пра гэта марыць большасць беларускіх музыкаў…

Яўген Валошын: Многія мараць, а ў мяне ўжо ёсць варыянты. Але гэта не ў Беларусі. І гэта вельмі складанае пытанне… Там вельмі добра, цёпла і людзі людзей паважаюць. Там дзеці з паліцыяй вітаюцца, і гэта лічыцца нармальным. Ну, хіба што за кутом дзе-небудзь могуць падстрэліць, гаманец забраць – але гэта нармальна, гэта як правілы джунгляў – трэба ведаць куды ісці, куды не ісці, пісталет з сабой насіць, калі ёсць дазвол… Але цяжка без дому трошкі, шчыра кажучы. А пераязджаць трэба на працяглы час. І спяваць трэба будзе па-іспанску. Так што будзем глядзець. А вось што тычыцца якасці, мне здаецца, што апошняя рэч для альбома, якую мы зрабілі, выйшла бюджэтнай – “I have started”, і атрымалася някепскай. Даволі цікава яна гучыць. Мне падабаецца і людзям кампетэнтным спадабалася.

…праблемы тыя самыя, што і ў нас


Еўрарадыё: А распавядзі пра костарыканскі шоў-бізнес. Ці моцна ён адрозніваецца ад так званага беларускага шоў-бізу?

Яўген Валошын: Я вас зараз вельмі моцна здзіўлю. Коста-Рыка – краіна дэмакратычная. Прэзідэнта можна выбіраць адзін раз на чатыры гады. Два – нельга. Настаўніца зарабляе ад тысячы долараў… Доктар – тры тысячы долараў. Кошты, праўда, як у Маскве, а на жыллё – як у нас. Жывуць там нашмат лепш. І такі клімат, што за тры месяцы я ні разу не чыхнуў – вельмі добры. Хочаш сабе – вулкан паглядзі, хочаш – акіяны. Людзі добрыя – вельмі цікавыя. Ну, дэмакратыя ва ўсіх уяўленнях! Але разам з тым праблемы тыя самыя, што і ў нас. Адзін у адзін. Значыцца, гісторыяй сваёй цікавіцца яны не хочуць, і рынка музычнага нармальнага ў іх таксама няма. Мы глядзім у бок Расіі, яны – ЗША: гамбургеры на кожным кроку, Coca-cola, музычная культура ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Мексікі. То бок, не ўсё залежыць ад дзяржаўнага ладу. Але 5 гадоў таму там з’явіўся аўтэнтычны, эксперыментальны гурт з суперскімі музыкамі-прафесіяналамі – Мalpais. І вось гэты корак быў прабіты – яны сталі знакамітым. А год таму саліст памёр – сардэчны прыступ… Музыка вельмі цікавая, але беларуская не горшая. Таму праблемы што тут, што там у многім падобныя.

Еўрарадыё: А ты быў на тамашніх рок-канцэртах?

Яўген Валошын: Быў у невялікіх клубах.

Еўрарадыё: Там ёсць, дзе граць музыкам?

Яўген Валошын: Ёсць. Я, напрыклад, жыў у невялікім гарадку – некалькі дзесяткаў тысяч чалавек. Уявіце сабе, напрыклад, беларускі Наваградак. А ў гэтым Наваградку ўвечары тры клубных канцэрты! То бок, ёсць дзе граць. Прычым, граюць і лабухі і прафесіяналы. Там музыку любяць. І жывую музыку ў клубах любяць. Напрыклад, ёсць зараз папулярны гурт “Samnambula” – яны вельмі альтэрнатыўныя, але адны з самых папулярных у Коста-Рыцы. Там таксама музыка свая, папулярная робіцца альтэрнатыўнай.

Еўрарадыё: А гэтыя гурты можна ўбачыць па тэлебачанні?

Яўген Валошын: Натуральна – чорных спісаў там няма.

…Яны там хору падыгрываюць на гітары ці на пяці гітарах ва ўнісон…


Еўрарадыё: Ты выявіў нейкую музычную фішку, характэрную для костарыканцаў? Ну, як, напрыклад, грузін не можа прайсці міма дому, дзе спяваюць, не далучыўшыся да гэтых спеваў…

Яўген Валошын: Лацінасы – яны ўвогуле людзі вельмі музычныя. І вось на першым гулянні, куды я трапіў, сабралася вялікая сям’я, якая выглядала падобна вялікаму музычнаму гурту – нехта граў на гітары, нехта – на драмбуцы і т.д., і кубінскія, перуанскія песні яны раскладалі на некалькі галасоў. Я быў шчыра здзіўлены. З фішак… У нас у Еўропе, калі заходзіш у касцёл, чуеш арган. У іх арганаў няма. Яны там хору падыгрываюць на гітары ці на пяці гітарах ва ўнісон… Коста-Рыка - гэта краіна, якая была ў сярэдзіне 20 стагоддзя вельмі сур’ёзна падмазаная амерыканскімі грашыма – каб яна не стала сацыялістычнай, як Куба, і вось гэты глабалізм забіў многае крэатыўнае і спрадвечнае.

“Сенсацыя! У Еўропе выйшаў мегаальбом!”


Еўрарадыё: Як у Коста-Рыцы была ўспрынятая музыка гурта HandmadE? Вядома, што ты вяшчаў у эфіры костарыканскага радыё…

Яўген Валошын: Так. Калі быў рэліз альбома ў Беларусі, я вырашыў пажартаваць і выклаў у фэйсбуку запіс: “Сенсацыя! У Еўропе выйшаў мегаальбом!” На запіс клюнулі журналісты. І вось іду я купляць манга і авакада. Мне тэлефануюць знаёмыя і кажуць: “Слухай, Уаўэн (там не маглі вымавіць імя Яўген), у нас тут ранішняя планёрка, адкрываем La Prensa Libre (адна з цэнтральных газет), а там цэлая паласа прысвечаная табе!” Купляю, гляджу – рубрыка Аvanika. Вось нядаўна ў гэтай рубрыцы я чытаў пра прыезд Уіла Сміта ў Коста-Рыку і раптам пра нас, з пэўнымі памылкамі, вядома, але напісалі. Прычым, журналістка сцвярджала, што яна слухала альбом. Пасля гэтага матэрыялу – гэта быў канец майго прыбывання , там бы закруцілася далей – мне патэлефанавалі з нацыянальнага радыё Centro і запрасілі да іх на перадачу. І вось паехаў я на перадачу, вядучы размаўляў толькі па-іспанску, перакладчыка не было, і я папрасіў адну сяброўку, якая не надта добра валодае англійскай, мне дапамагчы. Вельмі цікавае было інтэрв’ю, цэлую гадзіну цягнулася – ім пакаціла, то бок, там запусціўся працэс, у Кост- Рыцы.І я цвёрда разумею, што калі б усё ж такі ўдалося выйсці на вышэйшы ўзровень у плане якасці запісу, і трошкі ўдасканаліць аранжыроўкі, і выдаткаваць на гэта больш часу, мой гурт мог бы быць камерцыйна папулярным там, прынамсі. Тут – не ведаю.

Справы прыватныя…


Еўрарадыё: Думаю, усе, хто нас зараз чытае, задаюцца адным пытаннем: што ты ўвогуле рабіў у Коста-Рыцы? Ты адпачываў, вандраваў ці меў больш важную справу?

Яўген Валошын: Многія рэчы спалучыліся. Увогуле, беларусы ў Коста-Рыку амаль не заязджаюць, і што такое Беларусь, там не ведаюць і блізка. Чаму я там апынуўся? Таму што гэта прыватныя справы - у мяне дзяўчына костарыканка. А ў Беларусі ў мяне на той момант былі пэўныя праблемы, і я вырашыў з’ехаць на нейкі час. І з’ехаў. І вось, вярнуўся.

Еўрарадыё: Ну вось, ты вярнуўся. Прывёз з сабой свежыя музычныя ідэі, падгледжаныя там?

Яўген Валошын: Ведаеш, на мяне там нічога не паўплывала… У нашай музыцы ў незапісаных песнях нешта лацінскае ёсць. Таму нічога зменена ў канцэпцыі асабліва не будзе. Будуць наступныя песні запісвацца, якія мы граем. Ёсць песні мацнейшыя, чым у гэтым альбоме – тут у асноўным старыя творы. Мы проста захацелі запісаць для гісторыі, каб усе песні зафіксаваныя.

 

… і раптам мне захацелася беларускай гразі


Еўрарадыё: Дарэчы, там пісалася табе? Ці проста ляжаў-адпачываў на сонейку?

Яўген Валошын: У асноўным я ляжаў там на сонейку, але калі ў мяне здаралася душэўная туга… Аднойчы я ляжаў на ложку, выпіўшы трошкі рому. Я ляжаў і слухаў гукі дрэваў, і спевы птушак. І я ляжаў, і коўдра была тонкая – таму што там цёпла, ноч, і раптам мне захацелася беларускай гразі. І вось калі такія хвіліны на мяне часам находзілі, то з’яўлялася пэўнае натхненне. Але, што самае цікавае, раней я пісаў музыку, а тут мне захацелася пісаць тэксты песень. Таму ў будучым будзе больш песень з маімі тэкстамі.

Еўрарадыё: Прачытаеш нешта?

Яўген Валошын: Яны такія вар’яцкія, што я напамяць прачытаць не магу (смяецца). Але аказалася, што не адзін я быў захоплены костарыканскай жанчынай. Наш славуты паэт Максім Танк у 1962 годзе, Танк – камуніст! – сустрэў костарыканскую жанчыну і, відаць, закахаўся па самыя вушы. І напісаў верш “Сеньярыта з Коста-Рыкі”. І вось будучы ў Коста-Рыцы я гэты верш адкапаў. Ну, слухайце, праўда, памяць у мяне тугаватая – я ж боксам займаўся!

Сеньярыта з Коста-Рыкі?

О, цяпер я добра знаю:

Што ад вашых воч вялікіх

Там гарачыня такая!

Сонца дыхае пажарам,

І ў назвах лятуць праменні,

Разрываюцца гітары

І грымяць зямлетрасенні.

Быў бы ўладаром над вамі –

Вы без варты не хадзілі б,

Каб агнём вачэй чароўных

Коста-Рыкі не спалілі…

То бок, бачыш? Гэта нешта, нешта энергетычнае – цягне туды!

Еўрарадыё: А дзе ты пазнаёміўся са сваёй костарыканкай?

Яўген Валошын: У Кіеве на трэнінгу для журналістаў. Яна таксама журналістка.

… я не магу вярнуцца дадому, паесці кашы пярловай з катлетай і глядзець тэлевізар


Еўрарадыё: А што табе, як журналісту, дае музыка?

Яўген Валошын: Жыццё чалавека, каб сябе адчуваць шчаслівым і мець добрую якасць жыцця, яно як крэсла, што тут стаіць – з чатырма ножкамі. Калі ножку адну прыбраць – то павалішся і паб’еш галаву. Для мяне адна з гэтых ножак – музыка. Праца – таксама важная, спорт – каб сябе добра адчуваць і чацвёртая рэч – прыватныя справы. Вось калі ўсё добра ў гэтых чатырох справах, то ты шчаслівы чалавек.

Еўрарадыё: А калі нейкая адна справа паглыне іншыя справы? Не баішся аднойчы з галавой сысці ў музыку?

Яўген Валошын: Не, не баюся. Таму што для мяне вельмі важнае гэтае пераключэнне. Каб не стаміцца, і каб адчуваць сябе шчаслівым, я не магу вярнуцца дадому, паесці кашы пярловай з катлетай і глядзець тэлевізар. Мне трэба папрацаваць, нешта творчае атрымаць, тры разы на тыдзень трэніравацца і з дзяўчынай сустрэцца, напрыклад. Вось калі гэта ўсё ёсць, то я шчаслівы чалавек, а калі нечага няма – я не магу пераключыцца і якасна працаваць. Так у мяне гэты працэс адбываецца і, наадварот, мне гэта дапамагае, мяне дапаўняе, дае мне іншыя матывацыі і свежыя-свежыя мазгі.

… каханне можна і сюды перавезці


Еўрарадыё: Вярнуўшыся ў Беларусь, апроч таго, што ты збіраешся даваць канцэрты з гуртом HandmadE, прэзентаваць альбом падчас вялікага оўпэн-эйра “Пікнік. By”, чым ты яшчэ будзеш тут займацца? І як надоўга ты вярнуўся?

Яўген Валошын: Я вярнуўся ў Беларусь, таму што я адчуваю адказнасць перад гэтай краінай, таму буду абавязкова займацца беларускімі справамі. І зараз я паспрабую тут, дома, нешта рабіць вартае для грамадства. І вось калі я буду гэта рабіць, калі ў мяне гэта атрымаецца, то я буду заставацца тут максімальна доўга і з’язджаць туды на месяцок-два. А калі не буду – то з’еду і буду вучыцца, развівацца. Вось, падвучыў замежныя мовы, ёсць працоўныя прапановы, таму ў мяне ёсць выбар.

Еўрарадыё: Калі ты максімальна доўга тут будзеш сядзець, як жа тады каханне?

Яўген Валошын: А каханне можна і сюды перавезці – танкі ў нас па вуліцах не ездзяць! Краіна-та ў нас харошая і даволі камфортная, і, можа быць, яе будзе чакаць добрая будучыня. Адзінае, што клімат паршывы і зіма доўгая. Але і гэта можна ператрываць.

Фота: Еўрарадыё, www.labadzenka.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі