Вольнае паветра ці "асэнсаванне беларускасці праз мастацтва" (фота)

120827 Ma6a VP.mp3

Чуткі пра тое, што на “Вольным паветры” выступіць “Крамбамбуля” зноў хадзілі. Як і колькі гадоў таму. Такая, кажуць, ёсць традыцыя ў знакамітага фестывалю новага этна. “Крамбамбулі” не было. І не хапала. А яна б вельмі ўпісалася ў недзе занадта магічны фестывальны лайн-ап. Але “Вольнае паветра” усё роўна рабіла сваю справу — нагадвала пра карані і выносіла іх з андэграўнду ў людзі.

“Паўтара года таму мы пачалі слухаць падобнага кшталту музыку, і ўжо ведаем гурты, ведаем артыстаў у твар, з некаторымі знаёмыя асабіста, — гаворыць 20-гадовая аматарка этна-музыкі Алена. — То бок, музыка беларуская перайшла мяжу андэграўнду і пераходзіць у статус папулярнай. Мы ведаем цяпер не толькі “Тяни Толкай” ці Дарафееву, а ведаем людзей, якія робяць і такую музыку. А гэта, у тым ліку, і заслуга “Вольнага паветра”.

Пажарны аркестр "Гаротніца" распачынаў юбілейнае "Вольнае паветра"

Першае “Вольнае паветра” адбылося ў 2006 годзе ў полі каля Крупак. Потым пераехала ў Шаблі. У мінулым годзе пераўтварылася ў маштабны оўпэн-эйр з дзвюма сцэнамі. Цяпер — ужо традыцыйны для Шаблёў узору 2011-2012 гадоў фэст з добрым узроўнем арганізацыі, але з некалькі легкадумным падборам гуртоў. Рэакцыя часткі публікі на музыку, што гучыць на “Вольным паветры”, дае падставу меркаваць, што людзі едуць у Шаблі найперш па атмасферу, а потым па музыку. Піша блогер Яўген Галіулін:

“Музычная частка фэсту, як па мне, падкачала. Нічога асабліва цікавага заўважана не было і ўсё больш нагадвала пікнік за горадам, а не круты музычны фэст. Аднак атмасфера была цудоўнай!”

Традыцыйныя для фэстаў у Шаблях заняткі ёгай

 

Атмасфера “Вольнага паветра” цешыла, як заўсёды. Нездарма людзі едуць у Шаблі сем’ямі і кампаніямі. Хочаш — гуляй у тэніс, кідайся каровінымі лепяхамі, палі кал’ян, займайся ёгай, хочаш — еш дранікі, знаёмся з працамі беларускімі фатографаў, набывай вопратку і ўпрыгожанні. Хочаш — акуніся ў канаўцы, завёўшы дзяцей маляваць у адмысловы дзіцячы пакой. Хочаш — танчы пад вясёлыя сэты дыджэяў, якія панаехалі ў Шаблі з суседніх краін і гарадоў.

Галоўная сцэна

 

Дарэчы, уражанні ад “жывой” музычнай часткі “Вольнага паветра 2012” маглі быць іншымі, калі б гурты выходзілі на сцэну ў іншым парадку. Бо кожны з іх — свайго роду дыямент! Напрыклад, пасля “Троіцы” мусілі граць “Зялёныя кузіны”, а не ДахаБраха з Port Mone: у трансе можна было патануць. Хоць “Хмелёва project” ад ДахаБраха з Port Mone беларусы чакалі год.

“Заўжды я веру ў тое, што нашу творчасць, нашу музыку людзі змогуць зразумець і ўспрыняць, — распавядае ўдзельнік ДахаБраха Марко Галаневіч. — З таго што бачна вонкі — тут акурат тая публіка, якая павінна зразумець нас. Звычайна, у нас ёсць мандраж і перажыванні. Хлопцы ўпершыню выступаюць з гэтым праектам у сябе дома. Мы ўвогуле першы раз у Беларусі. Для нас гэта вельмі важна і ганарова”.


Дзіцячая крама

Kriwi

Апроч лайн-апа, гэтым разам турбавала яшчэ адно пытанне. Нават новаўвядзенне: рэкамендацыі па паводзінах на фестывалі ў духу “адэкватнай рэакцыі на дзеянні адміністрацыі”. Яны існавалі заўсёды, але гэтым разам чамусьці былі развешаныя на дрэвах, чым выклікалі неадназначную рэакцыю тых, хто прыехаў удыхнуць “вольнага паветра”. Ды і аўтазак на ўваходзе, і спецназ у натоўпе таксама наводзілі на думку пра пранікненне ў атмасферу “Вольнага паветра” іншародных элементаў. Аднак наўрад ці гэтыя факты моцна псавалі настрой аматарам этна-музыкі і Шаблёў. Сваёй галоўнай мэты фэст дасягнуў зноў. Як кажа музыка і культуразнаўца Алег Хаменка, беларусы ў чарговы раз адчулі сябе беларусамі і еўрапейцамі дзякуючы музыцы.

Алег Хаменка: “Тут прапануецца акурат інфармацыя і каштоўнасці, якія даюць чалавеку не праз сацыяльныя сеткі ўбачыць, хто ты насамрэч, і што ты сабой прадстаўляеш, і паглядзець, што сабой прадстаўляюць іншыя людзі. Вось гэты лад жыцця не бачны ў сацсетках, а бачны акурат на такіх мерапрыемствах. І вось такія фестывалі і прапануюць новыя погляды на тое, які ён — беларускі народ, якія яны — іншыя народы і іншыя краіны праз мастацтва”.

Адзін з пачынальнікаў беларускага этна-мадэрну Алег Хаменка ў ролі вядучага фэста


Чэмпіянат свету па кіданні каровіных лепяхоў

Дарэчы, сёлетнія ўдзельнікі чэмпіянату апынуліся надта вынаходлівымі. Яны не проста кідаліся лепяхамі. А рабілі з іх "ядры". А самыя крэатыўныя ў "ядро" клалі камень - каб далей ляцела. Рэкорд чэмпіянату - 54 метры!

Пасля паспяховых еўрапейскіх гастроляў на "Вольнае паветра" завітала "Троіца". Гучалі песні з "Зімачкі" і новая - "Цар-Агонь"

Сэт "Троіцы", бадай, сабраў найбольшую колькасць гледачоў менавіта пад сцэнай

Нарэшце свой сумесны праект беларускай публіцы прадставілі нашы Port Mone і ўкраінская ДахаБраха

Вечаровая публіка ў чаканні нямецкага гурта

Дарэчы, другая фестывальная сцэна была аддадзена дыджэям. DJ Balkana прыехаў у Шаблі з Расіі

Нямецкія госці - берлінскі аркестрык Di Grine Kuzine. Дзіўны гурт граў дзіўную сумесць балгарскіх і нямецкіх песень з клязмерскімі матывамі і лёгкім ска.

 

Вы яшчэ не былі на “Вольным паветры”? Тады чакайце наступнага лета і абавязкова прыязджайце ў Шаблі! Таму што аднойчы фэст можа пераехаць на большую пляцоўку, напрыклад, на аэрадром Баравая. Але гэта будзе толькі тады, лічыць гаспадар “Вольнага паветра” Уладзімір Шаблінскі, калі мы адчуем у гэтым патрэбу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі