Шпілеўскі: Шытава бачаць у асноўным складзе маскоўскага “Дынама”

Футбольны агент Мікалай Шпілеўскі зараз у Маскве. Разам са сваім падначаленым, экс-абаронцам барысаўскага БАТЭ, а з 18 жніўня — гульцом маскоўскага “Дынама” Ігарам Шытавым ён узгадняе дэталі трансфера. Пераход Шытава ў “Дынама” абяцае стаць самым гучным у беларускім футболе за 2011 год. А можа, і не толькі.

Мікалай Шпілеўскі пагадзіўся па тэлефоне адказаць на некалькі пытанняў Еўрарадыё.

 

Еўрарадыё: Ці вядомы ганарар Ігара Шытава? Нашмат большы, чым у БАТЭ?

 

Мікалай Шпілеўскі: Зразумела, што значна болей. Але не ў гэтым сэнс. Ігар стварыў гістарычную падзею, перайшоў у адзін з самых буйных расійскіх клубаў. Гэта клуб топ-еўрапейскага ўзроўня па інфраструктуры і развіцці. Людзі добра ацанілі Ігара як футбаліста. Мы ўдзячныя і барысаўскаму БАТЭ, а ў першую чаргу Анатолю Капскаму, які зрабіў годны крок. Я думаю, што для развіцця Ігара ўсе павялі сябе правільна. Удзячныя і маскоўскаму “Дынама”. Застаецца толькі даказваць сваё майстэрства, якое ацанілі.

Еўрарадыё: Раней, вы казалі, што, хутчэй за ўсё, Ігар будзе гуляць у Еўропе, але ён апынуўся ў Расіі.

Мікалай Шпілеўскі: Я скажу, што Расія ідзе касмічнымі крокамі наперад. І да чэмпіяната свету 2018 года змяняецца літаральна ўсё, у тым ліку і структура клубаў. Тое, што я пабачыў у “Дынама” (Масква), я мала дзе бачыў у Еўропе. Я рэальна лічу, што “Дынама” (Масква) абсалютна па ўсім адзін з вядучых клубаў Еўропы. Тое, што Ігар перайшоў у расійскі чэмпіянат, а не ў Еўропу, ніяк нельга назваць крокам назад.

Еўрарадыё: На сайце БАТЭ напісана, што Ігар Шытаў “страціў матывацыю” выступаць у барысаўскам клубе.

Мікалай Шпілеўскі: Ігар прафесіянал, і прафесіянал з вялікай літары. Не думаю, што ён страціў матывацыю. А сітуацыя такая, што ён стаў гульцом “Дынама”. У любым выпадку усе прынялі правільнае рашэнне. І душой і сэрцам Ігар будзе жыць з БАТЭ, і жадае поспехаў у супрацьстаянні са “Штурмам”.

Еўрарадыё: Чаму не гуляў у першым матчы?

 

Мікалай Шпілеўскі: Былі аб’ектыўныя прычыны, былі праблемы з мышцамі сцягна задняй паверхні. Але, на шчасце, зараз усё добра. Ігар знаходзіцца ў Маскве і ад сённяшняга дня (18 жніўня. – Заўв. Еўрарадыё) з’яўляецца гульцом маскоўскага “Дынама”. Сёння ў яго будзе трэніроўка з новай камандай.

 

Еўрарадыё: Увогуле, як агент, вы задаволены трансферам?

Мікалай Шпілеўскі: Лічу, што гэты трансфер — вялікі поспех для ўсяго беларускага футбола і Ігара Шытава асабіста. Яго бачаць гульцом асноўнага складу, гэта дарагога каштуе. Цяпер наступае новы этап яго жыцця, таму гэты пераход быў лагічным.

Фота: fcbate.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі