Рыэлтар: Кошты на рынку продажу нерухомасці дараслі да столі

130201_savich_haty.mp3

Супрацоўнікі агенцтва “Твая сталіца” кажуць, што ў параўнанні з канцом мінулага года кошт істотна вырас — на 3-5 тысяч долараў за кватэру.


“Прыкладна 8-10% адзначаем рост коштаў”, — кажуць у агенцтве. Такая ж сітуацыя і ў іншых фірмах.

Натуральна, кошт кватэры залежыць і ад месца, і ад раёна, і кошты вельмі адносныя. Але на рынку сталічнай нерухомасці зараз прапаноўваюць ад 41 тысячы долараў за аднушку, двухпакаёўка — у раёне 48-50 тысяч і вышэй, і бюджэтны варыянт трохпакаёўкі — 68-70 тысяч долараў. А вось да Новага года ў Мінску можна было купіць жыллё за 38 тысяч долараў.

Кошт квадратнага метра амаль дарос да 1400 долараў. Кватэры ў новабудоўлі — да 130 тысяч у цэнтры.

“Кошт метра ў аднапакаёўцы – 1369 долараў, двухпакаёвыя — 1283, і ў трохпакаёўцы — 1182 долары”, — кажуць у агенцтве “Твая сталіца”.

У агенцтве “Арыва” заўважаюць, што разумныя людзі зараз збываюць кватэры, бо наўрад ці кошты будуць расці далей.

“Кошты на кватэры, якія зараз існуюць, — гэта столь. У бліжэйшай перспектыве коштаў вышэйшых не будзе. Частка прытрымлівае, але разумна робяць тыя, хто прадае зараз кватэры. Тыя, хто прытрымліваюць, — мо гэта такі тонкі разлік, але ў выніку яны могуць прайграць”, — заўважае рыэлтар агенцтва “Арыва”.


Яшчэ адна тэндэнцыя — недахоп пакояў на рынку нерухомасці.

“Фрунзенскі, Савецкі раён не хапае пакояў, бо там актыўна зносяць старыя забудовы і трэба людзям тэрмінова рассяляцца. Адэкватныя прапановы — да 20 тысяч долараў за пакой”, — гавораць у “Арыве”. Гэтую ж тэндэнцыю — попыт на пакоі — адзначаюць і ў іншых агенцтвах, а сярэдні кошт пакоя пачынаецца ад 15 тысяч долараў.

Рост коштаў, на думку агенцтваў, залежаць ад росту дабрабыту насельніцтва.

“Растуць заробкі, пенсіі, кошты…”, — разважаюць у агенцтве “Свет нерухомасці плюс”. Тут заўважаюць паступовае зніжэнне пакупніцкай здольнасці, прагназуюць зацішша і нечакана дадаюць версію, што рост коштаў залежыць ад слоў прэзідэнта.

“Ну вы ж чулі, што прэзідэнт сказаў, што трэба будаваць у правінцыі, што хопіць Мінск ушчыльняць! Вось і з гэтым таксама. Новабудоўлю купіць вельмі цяжка”.

Для даведкі: квадратны метр на канец года ў суседзяў каштаваў у Вільні 1570 долараў, у Рызе — 1290, у Варшаве — 2600 долараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі