У Мінску Placebo адыгралі апошні канцэрт (фота+відэа канцэрта)

Placebo нарэшце даехалі да Мінска, але ўжо значна патрапанымі. Пасля рэлізу апошняга альбома “Battle for the Sun” у 2009-м гурт гастралюе амаль без перапынкаў ужо больш за тры гады. За гэты час Молка з калегамі паспелі сыграць на ўсіх кантынентах (на некаторых далёка не аднойчы), засвяціцца ў лайн-апах усіх магчымых летніх фэстаў і нават пахварэць на модны ў тыя далёкія часы птушыны грып.

У выніку перад беларускай публікай з’явіўся стомлены жыццём чалавек, падобны на Браяна Молка, вельмі стрыманы басіст Стэфан Олсдал  і жвавы нягледзячы ні на што малады амерыканскі бубнач Placebo Стыў Форэст.

На шчасце, стан не першай свежасці куміраў не сапсаваў уражанні юным дзяўчатам, якім сам факт іх сузірання прыносіў сатысфакцыю ад паходу на канцэрт. У іншым выпадку можна было адчуць лёгкае расчараванне.

Канцэрты Placebo не адрозніваюцца амаль абавязковымі цяпер феерверкамі, лазернымі шоў ці нейкімі іншымі спецэфектамі. Галоўная фішка заўсёды была ў жывых эмоцыях, якімі абменьваліся гурт і публіка. Яшчэ не так даўно Молка стаяў на сцэне з размазаным слязамі макіяжам, спяваючы пра сэкс і наркотыкі, і яму немагчыма было не спачуваць усёй душой.

Мінскі ж канцэрт быў адыграны амаль механічна і без асаблівых сентыментаў — з "Every You Every Me", дзяжурным бісам і папсовымі забавамі для публікі, калі спачатку вішчаць дзяўчынкі, а пасля хлопчыкі. Placebo сыгралі песні з апошняга альбома і большасць сваіх галоўных хітоў — роўна і прафесійна. Толькі некаторыя правалы ў гуку выдавалі ў выступе нешта чалавечае). Тым часам камунікацыя з прыхільнікамі звялася да дзяжурных рэплік: "Spasiba! Thank you, children of Belarus, people of Minsk!"

Akute

 

У якасці разагрэву Placebo самі сабе выбралі магілёўскі гурт Akute. Напэўна, выбар быў трапны, бо ў фінале нават расійскія школьніцы, якія арганізавана прыбылі ў Мінск з Пецярбурга, каб падтрымаць дзядзю Молка, сышліся на тым, што “разагрэў быў а...енны” адзінае, што з таго, аб чым пяецца, яны не разабралі ні халеры.

Самі Akute прызналіся Еўрарадыё, што вельмі ўзрадаваныя тым, што зала ведала іх песні і падпявала, і не прызналіся, пра што размаўлялі з Браянам Молка, заявіўшы, што “цяпер гэта іх сакрэт”. Замест гэтага Akute паведамілі, што рыхтуюць новую песню якая будзе называцца “Бегчы”.

Akute

 

 

Андрагінны імідж фронтмэна Placebo пачаў сплываць у гісторыю разам з выхадам альбома "Battle for the Sun". Неўзабаве Молка стукне 40, і вобраз прыстарэлага "nancy boy" мог бы выглядаць сапраўды трагічна.

 

Brian Molko

Stefan Olsdal

 

 

 

 

 

Steve Forrest бубнач Placebo з 2008 года. Дарэчы, месца Стыва Х'юіта ён заняў пасля таго, як яго папярэдні гурт выступаў у якасці сапарта Молка з калегамі ў іх амерыканскім туры. 

На вялікія маніторы над сцэнай у звычайным рэжыме праецыраваліся буйныя планы гурта. Але часам выскоквалі і сюрпрызы.  Так, раптоўна над сцэнай з'явіўся надпіс, як казаў, што "дэмакратыя -- гэта падман". Ну, хіба гэта трэба тлумачыць беларусам, тым больш напярэдадні выбараў.

 

Як мяркуе Еўрарадыё, менавіта мінскія прыхільнікі адхапілі апошнюю дозу Placebo у гэтым годзе — пасля канцэрта ў беларускай сталіцы гастрольны графік гурта абрываецца: "Placebо - 0 upcoming concerts". Рэліз наступнага студыйнага альбома анансаваны на вясну будучага года, таму верагодна, што музыкі накіруюцца ў студыю. Тым часам ўжо 12 кастрычніка ўбачыць свет ЕР "B3" з пяццю новымі трэкамі, які мы абавязкова не абмінем увагай — сачыце за музычнымі навінамі на Еўарадыё.

 

Дарэчы, за паўтара месяца да канцэрта ў Міснку Placebo сыгралі аналагічную праграму ў Германіі на фэсце Taubertal. Прапануем паглядзець, як гэта выглядала там.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі