ПАСЕ замарозіла кантакты з афіцыйным Мінскам на высокім узроўні

Дакумент прапануе замарозіць кантакты на высокім узроўні з беларускімі чыноўнікамі і Палатай прадстаўнікоў. Разам з тым Асамблея выказвае гатоўнасць развіваць дыялог з афіцыйным Мінскам у адказ на канкрэтныя пазітыўныя змены.

Як паведамляе Радыё "Свабода", толькі шасцёра парламентароў прагаласавалі "супраць". Такім чынам, праект рэзалюцыі прыняты пераважнай бальшынёй галасоў.

Анатоль Лябедзька, які браў удзел у працы Асамблеі, распавёў, што была папраўка Пачынка з Расіі, каб былі кантакты на высокім узроўні. Але яна атрымала ўсяго некалькі галасоў. Папраўка Пургурыдэса, каб наагул не было ніякіх кантактаў, таксама не набрала большасці.

***

16:31 Хрыстас Пургурыдэс: Лукашэнку напляваць на нашыя рэзалюцыі

Дакладчык па Беларусі юрыдычнага камітэта ПАСЕ Хрыстас Пургурыдэс выступіў падчас дэбатаў па беларускай праблеме ў Страсбургу.

Як перадае сайт АГП, дэпутат з Кіпра заявіў, што Лукашэнку "напляваць на нашыя рэзалюцыі. Ён упэўнены, што мы звалімся да яго ног. Мы павінны пакласці гэтаму канец. Не павінна быць ніякіх кантактаў з беларускімі ўладамі".

***

12:32 ПАСЕ можа замарозіць кантакты з Беларуссю

Андрэй Елісееў

З такой прапановай выступіў палітычны камітэт Асамблеі па выніках справаздачы Дакладчыцы па Беларусі Сінікі Хурскайнэн.

Палітычны Камітэт Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы прапануе ПАСЕ замарозіць кантакты на высокім узроўні з беларускімі ўладамі, адзначаецца ў справаздачы Дакладчыцы ПАСЕ па Беларусі Сінікі Хурскайнэн. На яе думку, нядаўнія падзеі сведчаць пра адсутнасць руху Беларусі да стандартаў Савета Еўропы.

“Беларусь пакарала смерцю двух чалавек ва ўмовах сакрэтнасці і не дачакаўшыся рашэння Камітэта ААН па правах чалавека, працягвае парушаць правы польскай меншасці і не запрасіла міжнародных назіральнікаў на мясцовыя выбары”, гаворыцца ў справаздачы. Да таго ж, Беларусь дагэтуль не заснавала Ўсходнееўрапейскую школу палітычных навук пад эгідай Савета Еўропы.

Таксама адзначаецца, што ПАСЕ праводзіла і палітыку ізаляцыі, і палітыку дыялога ў адносінах з нашай краінай. Аднак ні тое ні другое значна не паўплывала на дэмакратызацыю ў Беларусі.

У дадзены момант, пасля прамовы Сінікі Хурскайнэн, у ПАСЕ праходзяць дэбаты
па сітуацыі ў Беларусі. У якасці прадстаўніка ўладаў прамаўляў старшыня пастаяннага камітэта па правах чалавека і СМІ Палаты Прадстаўнікоў Аляксандар Юшкевіч, ад апазіцыі ― старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

***

12:06 Дакладчык ПАСЕ па Беларусі незадаволеная мясцовымі выбарамі

Андрэй Елісееў

У сваёй справаздачы дакладчыца па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы Сініка Хурскайнен шкадуе, што Беларусь не запрасіла назіральнікаў на мясцовыя выбары, а змены ў Выбарчы кодэкс носяць касметычны характар.

“Назіранне” дыпламатычнымі прадстаўнікамі ніяк нельга параўнаць з працай паўнавартасных міжнародных назіральнікаў са спецыяльным досведам у гэтай галіне, адзначае Сініка Хурскайнен. Яна шкадуе, што выбары адбыліся пры "поўнай адсутнасці" міжнародных назіральнікаў. Беларусь магла б звярнуцца да спецыяльнага органа Савета Еўропы – Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў, каб той адправіў місію назіральнікаў, адзначаецца ў дакладзе.

Няўрадавыя арганізацыі заключаюць, што змены ў выбарчы кодэкс носяць  збольшага “касметычны характар і значна не змяняюць выбарчы працэс”. Так, змены аблягчаюць фінансаванне выбарчай кампаніі і вылучэнне кандыдатаў, адзначаецца ў дакладзе. Аднак яны не дазваляць назіральнікам уласна назіраць за падлікам галасоў, а гэта “найбольш далікатны этап выбараў у кантэксце выбарчых фальсіфікацый”, гаворыцца ў справаздачы. Да таго ж, выбарчыя камісіі па-ранейшаму не абавязаныя ўключаць прадстаўнікоў апазіцыі.

Сініка Хурскайнэн шкадуе, што Беларусь сама ніколі не звярталася да Венецыянскай камісіі – экспертнага органа Савета Еўропы ў галіне права. Гэта зрабіў Палітычны камітэт ПАСЕ на запыт самой дакладчыцы. Экспертная выснова пра адпаведнасць выбарчых зменаў еўрапейскім стандартам мусіць з'явіцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, адзначае Сініка Хурскайнэн.


Фота: РІА "Новости"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі