Памідораў ды Круглова пераспявалі "Цуд на Каляды" больш актуальна

21 снежня праект Pomidor/OFF зладзіў незвычайную прэзентацыю альбома "Патас/Попс/Прапаганда". Запрошаныя былі ўсе жадаючыя, але ў выніку прыйшлі ў асноўным журналісты ды сябры гурта. Прэзентацыя прайшла ў выглядзе праслухоўвання альбома з калонак у клубе "Графіці". Падчас гэтага лідар праекту Аляксандр Памідораў раздаваў інтэрв'ю ды частаваў наведвальнікаў гарэлкай і самаробнымі пельменямі.


"Гэта не сольны альбом Аляксандра Памідорава, гэта альбом праекта Pomidor/OFF, прашу ўсіх адзачыць, - такімі словамі пачаў размову з журналістамі лідар гурта. - Альбом змяшчае 13 песень. Яшчэ прысутнічаюць два бонусы. Гэта цэнзураваная версія адной з песень альбома - то бок у альбоме ёсць нецэнзураваная версія песні. І яшчэ адна песня, якая ўключана па згодзе і рэкамендацыі калегаў па гурце. Гэта альтэрнатыўная версія звядзення песні гурта “Hasta la Filsta”, дзе музыка “Hasta la Filsta” а голас і словы - мае".


Афіцыйная частка прэзентацыі пачалася толькі на другой гадзіне пасля абвешчанага часу, і ўсе прысутныя былі ўражаныя неарганізаванасцю мерапрыемства. Але ў той жа час казалі: "А ці не ў гэтым і ёсць рок-н-рол!?" Пачаставаўшыся пельменямі ды гарэлкай, большасць разыйшлася, але дарэмна. Раптоўна ў клубе з'явілася Вераніка Круглова, якая амаль адразу, без падрыхтоўкі выканала з Памідоравым адноўленую версію "Цуда на Каляды". Змяніўся тэкст: у ім цяпер з'явіліся збеглыя вязні і іх калядныя цуды.


У гэты ж дзень Аляксандр Памідораў адсвяткаваў сваё саракагоддзе, з чым яго і віншуе рэдакцыя Еўрарадыё! Больш падрабязна пра альбом "Патас/Попс/Прапаганда/" чытайце ў інтэрв'ю з Памідоравым на нашым сайце і ў бліжэйшую пятніцу чакайце рэцэнзію на яго.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі